Менгарвыканкам: прыбраць усе аўтамабілі з узбочынаў!


https://youtu.be/S6zsy_LdqFA
У сталіцы праходзіць масавая эвакуацыя аўтамабіляў, якія замінаюць расчышчаць снег. У большасці выпадкаў аўты забіраюць з парушэннямі заканадаўства

Прадстаўнікі Менгарвыкаму кажуць, што праз моцныя снегапады сталічныя камунальнікі прыбіраюць дарогі ва ўзмоцненым рэжыме. «Аўтамабілі, якія стаяць ля дарогаў, замінаюць рухацца спецтранспарту. Па сумётах бачна, што кіроўца кідае аўтамабіль на дарозе на некалькі тыдняў, а то і месяцаў. Разам з працаўнікамі ДАІ мы папярэдзілі аўтамабілістаў: прыбярыце машыны, інакш яны апынуцца на штрафстаяцы», – пракаментавалі ў прэсавай службе.

Аднак кіроўцы звяртаюць увагу, што эвакуацыя праходзіць з парушэннямі закону. «Белсат» звярнуўся па тлумачэнне да эксперта. «Перш як адвезці аўта на штрафстаянку, мусяць скласці пратакол, – кажа юрыстка Святлана Шлома. – У прыватнасці, мусяць быць панятыя, якія пацвердзяць правапарушэнне, эвакуацыю і паставяць свае подпісы ў пратаколе. У дакуменце таксама мусяць быць адзнакі пра стан аўтамабіля на момант парушэння. Апроч таго, працаўнік ДАІ мусіць суправаджаць канфіскаванае аўта да стаянкі, але на практыцы даішнік застаецца на месцы – адсочвае іншых парушальнікаў, а эвакуатар едзе на стаянку асобна. Такія дзеянні можна расцэньваць нават як угон». Экспертка раіць кіроўцам уважліва чытаць пратакол і не падпісваць дакументу, калі там няма сведчанняў панятых ды апісання стану машыны на момант затрымання.

Эвакуацыяй у Менску збольшага займаюцца прыватныя фірмы. Аднак іхнія паслугі адрозніваюцца коштамі – ад 40 да 120 тыс. руб. за паслугу. Парушальніку давядзецца дадаткова аплаціць штраф, які складае 1 баз. вел. (цяпер – 35 тыс. руб.), толькі тады ён зможа забраць свой аўтамабіль. Каб даведацца, на якую штрафстаянку адправілі аўта, лепш за ўсё патэлефанаваць ва УДАІ ГУУС Менгарвыканкаму па тэл. 222-17-17 або 102.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары