У Беларусі з’явіцца карта роварных маршрутаў


Яе стварэннем займаецца грамадскае аб’яднанне «Менскае роварнае таварыства». Найперш каталог будзе змяшчаць маршруты, якія пралягаюць праз значныя гістарычныя славутасці або ўнікальныя прыродныя комплексы.

Таварыства ўжо сабрала некаторыя звесткі пра больш як 30 дастаткова распрацаваных маршрутаў. Найбольш дэталёва апісаныя веласіпедныя маршруты каля Аўгустоўскага каналу, у раёне Белаазёрску (Берасцейская вобласць), Смалявічаў (Менская вобласць), у Чавускім раёне (Магілёўская вобласць), каля сядзібы «Марцінова Гусь» (Менская вобласць).

Паводле старшыні праўлення арганізацыі Яўгена Харужага, стварэнне каталога дазволіць велааматарам з лёгкасцю выбіраць маршрут, зробіць актыўны адпачынак на роварах больш прыцягальным.

Плануецца, што каталог з’явіцца ўжо сёлета. Спачатку яго размесцяць на сайце, але магчыма, што з’явіцца і друкаванае выданне.

«Да мяне часта звяртаюцца знаёмыя з іншых гарадоў і краінаў з просьбаю паказаць ім Горадню падчас вандроўкі на ровары. Распрацаваных маршрутаў няма, таму даводзіцца кожны раз выдумляць нешта новае. Я сам часта езджу на ровары, таму запамінаю, якімі шляхамі можна хутчэй дабрацца да нашых помнікаў і пры гэтым палюбавацца горадам. Такія падарожжы больш за ўсё цікавяць маіх знаёмых з Польшчы і Галандыі, дзе ровар даўно зрабіўся любімым сродкам перасоўвання», – гаворыць велааматар Алег Крывушын.

belsat.eu

Стужка навінаў