Праваабаронцы не спадзяюцца на беларускі суд


«Адвакат будзе абскарджваць вырак Бяляцкаму ў наглядным парадку выключна дзеля таго, каб мець магчымасці і перспектывы міжнароднай юрыдычнай рэакцыі, не шукаючы больш праўды ў тым абрадзе, які ў Беларусі чамусьці завецца судом», – заявіў праваабаронца Уладзімір Лабковіч пасля вынясення Менгарсудом рашэння па касацыйнай скарзе Бяляцкага 24 студзеня.

«Аргумент суда, што Бяляцкі сам не даказаў сваёй невінаватасці, адлюстроўвае, што ў Беларусі наогул адсутнічае прэзумпцыя невінаватасці. Гэта, дарэчы, паказвае агульную дэградацыю пракуратуры, суда і следства: ім не трэба нічога даказваць. Дастаткова, каб была каманда і знайшліся тры суддзі, якія б яе выканалі», – падкрэсліў Лабковіч.

«Тое, што адбылося сёння ў судзе, – гэта абсалютнае прававое бязмежжа, выключна палітычная расправа над вядомым беларускім праваабаронцам, – зазначыў ён. – Дакументы, пададзеныя суду па хадайніцтве абароны, павінны былі хаця б мінімальна, але паўплываць на змену прыгавору. Гэта выключна палітычная расправа над найвядомейшым беларускім праваабаронцам».

Лабковіч падкрэсліў: нягледзячы на будучую канфіскацыю кватэры Бяляцкага, у якой месціцца офіс незарэгістраванага цэнтру «Вясна», праваабаронцы ў Беларусі не спыняць сваёй працы.

Паводле яго, праваабаронцы не шкадуюць пра тое, што пералічылі на рахунак суда Першамайскага раёну Менску 757 526 717 руб. (прыблізна 90 тыс. долараў) у якасці кампенсацыі стратаў, нібыта нанесеных дзяржаве Бяляцкім, у надзеі на змякчэнне яму прыгавору гарадскім судом. Кампенсаванне стратаў, паводле Лабковіча, павінна паўплываць на далейшае становішча асуджанага ў месцах зняволення.

«Гэта дазволіць Бяляцкаму атрымліваць перадачы, атрымліваць грошы на рахунак, з якога ён зможа купляць прадукты ў турэмным ларку, дазволіць яму разлічваць на ўмоўна датэрміновае вызваленне і, вядома, паўплывае на ўмовы ягонага ўтрымання. Інакш бы ён увесь час быў пад націскам з-за таго, што ён мае такую вялікую запазычанасць», – патлумачыў Уладзімір Лабковіч.

Менскі гарадскі суд не задаволіў касацыйнай скаргі Алеся Бяляцкага, пакінуўшы ў сіле прыгавор суда Першамайскага раёну сталіцы. Рашэнне судовай калегіі абвесціў 24 студзеня суддзя Уладзімір Сцяпурка.

belsat.eu
https://youtu.be/JO6QNQGFtPs

Глядзі таксама
Каментары