Бунт у кыргызстанскіх турмах: больш за 700 вязняў зашылі сабе раты


У службе выканання пакаранняў заяўляюць, што вязні патрабуюць, каб у кожнай турме была «агульная» камера, куды б мелі доступ усе зняволеныя. Паводле кіраўніка службы выканання пакаранняў Шэйшэнбека Байзакава, з 11 калоніяў і 6 СІЗА не галадаюць толькі 4 закрытыя ўстановы. «Абстаноўка пад кантролем, асабісты склад цэнтральнага апарату на месцах, усіх перавялі на казарменнае становішча, праводзіцца прафілактычная праца і, думаю, яна будзе мець плён. Гэтак, у 27-й калоніі 52 чалавекі, што зашылі раты, – да абеду яны іх расшылі, абедалі і вячэралі», – распавядае Шэйшэнбек Байзакаў.

З пачатку года ўмовы ўтрымання ў турмах зрабіліся ў Кыргызстане больш жорсткімі: часцей пачалі праводзіць вобшукі, скарацілі колькасць сустрэчаў. 16 студзеня ў СІЗА № 1 у Бішкеку пачаліся закалоты, жорстка падаўленыя спецназам. Цяперашнія пратэсты, паводле зняволеных, – гэта акцыя салідарнасці з вязнямі СІЗА № 1.

У грамадскім фондзе «Голас Свабоды», які займаецца абаронаю правоў чалавека ў Кыргызстане, гавораць, што інфармацыі з месцаў зняволення амаль не паступае, праваабаронцаў туды таксама не дапускаюць. Не выключана, што сапраўднаю прычынаю бунтаў сталіся бесчалавечныя ўмовы ўтрымання вязняў, здзекі і фізічны гвалт з боку працаўнікоў папраўчых установаў.

Стужка навінаў