Расейцы хацелі забараніць шкляныя бутэлькі ў Мытным саюзе


Беларускія эколагі вярнулі тару ў абарот.

Мытны саюз пагражаў Беларусі забаронай выкарыстоўваць шкляныя бутэлькі паўторна. Расейскі бок прапаноўваў заканадаўча замацаваць забарону ў тэхнічным рэгламенце Мытнага саюзу “Пра бяспеку ўпакоўкі”. Яна б забараняла паўторна карыстацца шклотараю для алкаголю і дзіцячага харчавання.

Грамадскасць Беларусі, Расеі ды Казахстану, усведамляючы наступствы такога рашэння, звярнулася ў камісію Мытнага саюзу па тлумачэнні. “Забарона магла б справакаваць сур’ёзныя эканамічныя, экалагічныя ды сацыяльныя наступствы. Напрыклад, толькі ў Беларусі адмова ад паўторнага ўжывання шклатары прывялі б да росту выкідаў вуглякіслага газу на 50–60 тысяч тонаў на год, а на сметнішча стала б трапляць як мінімум на 500 мільёнаў бутэлек больш”, – пракаментаваў праблему дырэктар Цэнтру экалагічных рашэнняў Яўген Лобанаў.

Пад ударам апынуліся б і беларускія вытворцы шкла, іх магчымасцяў не хапіла б на забеспячэнне патрэбаў ва ўпакоўцы, у першую чаргу недахоп адчулі б вінаробныя і лікёра-гарэлачныя заводы. Тару давялося б набываць за мяжою. Падлічана, што калі ў Беларусі зачыняцца ўсе пункты збору шкляной другаснай сыравіны, то амаль 6 тысячаў чалавек застануцца без працы, а сацыяльна неабароненыя катэгорыі грамадзянаў пазбавяцца грошай.

«Маёй пенсіі хапае толькі на ежу ды аплату камунальных паслуг, таму падзарабляю зборам бутэлек, – расказаў пенсіянер Іван. – Штодзень мае рэйды доўжацца пяць-шэсць гадзінаў, самы прыбытковы дзень – пятніца. Спадзяюся, чыноўнікі не пазбавяць мяне апошняга сродку для існавання».

Скандальнае рашэнне дзякуючы намаганням эколагаў усё ж такі не іусіць набыць законную моц. На афіцыйным сайце камісіі Мытнага саюзу з’явіўся праект рашэння аб адмене забароны.

belsat.eu

Стужка навінаў