Дзмітрыеў: Дзейнасць чыноўніка мае быць як шоу “За шклом”


Грамадзянская ініцыятыва “Гавары праўду!” і інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Платформа” рэалізоўваюць супольны антыкарупцыйны праект “Беларусь – гэта хто?”.

Пра гэта яны распавялі 24 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Менску. Паводле намесніка старшыні “Гавары праўду!” Андрэя Дзмітрыева, у нашай краіны ёсць шанцы падысці да барацьбы з карупцыяй з сістэмнага гледзішча, а не так, як гэта адбываецца цяпер. Сёння, лічыць ён, барацьба з карупцыяй – элемент барацьбы ўнутры ўлады, выкарыстоўваецца для міжкланавых разборак.

“Мы ж стараліся змагацца не супраць кагосьці, – працягнуў думку калегі старшыня “Платформы”Андрэй Бандарэнка, – а, у першую чаргу, за квітнеючую Беларусь. Прычым гэты росквіт мусіць тычыцца не якой-небудзь выключнай кагорты чыноўнікаў, а ўсіх грамадзянаў краіны. Сёння ў Беларусі пануе закрытасць, якая не дазваляе простаму чалавеку даведацца, каму і за што ён плаціць падаткі, куды гэтыя сродкі сыходзяць”.

Дзейнасць чыноўніка, перакананы Дзмітрыеў, мусіць быць свайго роду шоу “За шклом”: мае быць зразумела, што ён робіць, чаму займае гэтую пасаду і колькі за гэта атрымлівае. Вось тады сістэма будзе адкрытая, празрыстая, і дзяржава, магчыма, стане больш эфектыўная, адзначыў грамадзянскі актывіст.

Праект “Беларусь – гэта хто?” раскрывае, за што і якім чынам жывуць беларускія чыноўнікі. “Сёння мы разглядаем магчымасць працягу гэтага праекту ў больш шырокім дыяпазоне пад умоўнаю назваю «Грамадзянскі кантроль», – удакладніў Бандарэнка. – Мы прапаноўваем любому грамадзяніну краіны паведамляць нам пра факты карупцыі, пра тое, што адбываецца на месцах. Прычым пастараемся забяспечыць максімальную бяспеку для гэтага чалавека».

Сістэмнаю часткаю праекту, распавёў Дзмітрыеў, будзе распрацоўванне закону, які замацуе механізмы, што вынішчаюць карупцыю. “Гэта публічная дэкларацыя чыноўніка аб прыбытках, гэта доступ да інфармацыі для грамадзянаў – тое, што дае магчымасць зменшыць карупцыю, – паведаміў ён. – Цягам кампаніі мы адпрацавалі 22 раёны Беларусі, спадзяемся, што новая кампанія будзе больш дэталёвая, больш кропкавая. Такая, якая пакажа людзям, што карупцыя – гэта не дзесьці там высока, у Менску, а тут, побач з імі. Наша задача – змяніць саму сістэму».

belsat.eu

Стужка навінаў