Кіроўцаў хуткай дапамогі прымушалі аплачваць паліва


“Лішнія літры” налічваў GPS-навігатар, хоць дагэтуль справаздача вялася на падставе паказчыкаў спідометра.

Летась аўтамабілі хуткай дапамогі Лідскага цэнтральнага раённага шпіталю абсталявалі сучаснымі GPS-навігатарамі. Пасля гэтага дзеля разліку паліва сталі ўлічваць кіламетраж, які паказваў камп’ютар дыспетчара. А гэты паказнік меншы, чым на спідометры. Выходзіла, што кіроўцы з уласнай кішэні мелі аплачваць “лішнія літры”. Чым больш кіламетраў кіроўца праехаў, тым больш мусіў быў кампенсаваць. Кіроўцы мяркуюць, што ім усталявалі няякасную навігацыю з Літвы, якая не прайшла там сертыфікацыі. Мадэрнізацыя ажыццяўлялася пад кантролем былога галоўнага доктара Алега Ціса, які на рашэнне пракуратуры быў адхілены ад працы.

У Дзяржаўным камітэце стандартызацыі паведамілі: “Вымяральнаю прыладаю ёсць спідометр, а не навігатар, – ягоныя паказанні не могуць улічвацца ў бухгалтарскай справаздачы”.

Спрэчка кіроўцаў ды адміністрацыі шпіталю вырашалася ў раённым судзе. Паводле юрыста Анатоля Мірукова, перад пачаткам разбору пракурор, які адстойваў інтарэсы шпіталю, ад патрабаванняў да кіроўцаў адмовіўся. Нягледзячы на гэта, суд не задаволіў позвы кіроўцаў, якія прасілі вярнуць ім грошы за “лішнія літры”. Кіроўцы збіраюцца абскарджваць гэтае рашэнне. Як высветліў іхны абаронца, падобная сітуацыя са справаздачамі наконт паліва існуе і ў іншых беларускіх гарадах, у тым ліку на службе хуткай дапамогі ў Менску.

belsat.eu

Стужка навінаў