Прысуд Бяляцкаму – без зменаў


https://youtu.be/vY07FGtYAWU
Менскі гарадскі суд не задаволіў касацыйнай скаргі на вырак праваабаронцу Алесю Бяляцкаму ды пакінуў рашэнне суда без зменаў.

Самога Бяляцкага ў суд не прывезлі. Акрамя сваякоў праваабаронцаў у зале паседжання было шмат журналістаў, грамадскіх актывістаў, замежных дыпламатаў. Фотакарэспандэнтам забаранілі весці здымкі.

Адвакат Дзмітрый Лаеўскі на пачатку працэсу заявіў шэсць хадайніцтваў:

– выклікаць у суд Бяляцкага;

– запатрабаваць у арганізацыяў, з якімі працаваў Бяляцкі, прычыны пераводу на ягоны рахунак грашовых сродкаў, а таксама высветліць, ці былі ў Бяляцкага дамоўленасці пра выкананне пэўных дзеянняў з гэтымі сродкамі;

– прыкласці да матэрыялаў крымінальнай справы плацежныя даручэнні аб пераліку на рахунак суда Першамайскага раёну Менску сумы стратаў, якія нібыта нанёс Бяляцкі ды якія кампенсавалі на мінулым тыдні прадстаўнікі грамадскасці;

– прыкласці да справы копіі дакументаў аб набыцці Бяляцкім маёмасці;

– адкласці разгляд касацыйнай скаргі датуль, пакуль не пададуць дакументаў пра рух грашовых сродкаў на рахунках Бяляцкага;

– адмяніць цяперашнюю захаду стрымання Бяляцкаму – утрыманне пад вартаю.

Трэцяе і чацвёртае хадайніцтвы адваката (аб прыкладанні плацежнага даручэння пра пералік сумы стратаў і копіяў дакументаў аб набыцці Бяляцкім маёмасці) суд задаволіў адразу, а рэшту адхіліў.

Адвакат падтрымаў касацыйную скаргу Бяляцкага. Лаеўскі заявіў, што не вызначаныя суб’екты даходу, а таксама характар і дамоўленасці Бяляцкага пры атрыманні сродкаў. Такім чынам, выснова суда пра тое, што пералічаныя Бяляцкаму сумы – ягоная ўзнагарода, не слушная.

Адвакат таксама адзначыў, што пры вынясенні прысуду былі выкарыстаныя недапушчальныя доказы і не быў даследаваны шэраг дакументаў, – сярод іншага, ліст Міністэрства юстыцыі Літвы пра тое, што перададзеныя беларускаму боку звесткі пра банкаўскі рахунак Бяляцкага няправільныя і несапраўдныя.

На гэтай падставе адвакат папрасіў прысуд скасаваць, а крымінальную справу Бяляцкага – спыніць.

У сваю чаргу пракурор Кірыл Чубкавец заявіў, што суд даследаваў усе магчымыя доказы. Паводле яго, Бяляцкі ведаў пра неабходнасць плаціць падаткі з атрыманых сумаў і свядома гэтага не рабіў. Таму, лічыць Чубкавец, касацыйная скарга Бяляцкага не можа быць задаволеная.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары