Ці ўратуюць вуліцу Гандлёвую ад псеўдарэканструкцыі?


Пачынаецца новы віток працаў у забудове правага боку вуліцы Гандлёвай. У Таварыстве аховы помнікаў папярэджваюць, што рэалізацыя плану рэканструкцыі можа прывесці да таго, што горад згубіць яшчэ частку свайго гістарычнага цэнтру.

“Знайшліся тры інвестары, з якімі Менгарвыканкам падпісаў інвестыцыйную дамову на засваенне гэтай тэрыторыі. І нягледзячы на тое, што ў дамове прадугледжанае абавязковае перанясенне магістральных інжынерных сетак – гэта калектар, які раней не дазваляў запраектаваць гістарычную шырыню вуліцы, – сучасны эскізны праект не адпавядае ніводнаму нарматыву “Закону аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны”, не адпавядае рэгламентам дэталёвага плану рэканструкцыі, рэстаўрацыі, аднаўлення і ўпарадкавання гістарычнага цэнтру Менску”, – распавядае старшыня “Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры” Антон Астаповіч.

Частка плану рэканструкцыі, якую пачалі рэалізоўваць цяпер, фактычна арыентуецца не на аўтэнтычнасць забудовы, а на пракладзеныя ў 2008 г. трасы інжынерных камунікацыяў. “Нашае грамадскае аб’яднанне звяртаецца ва ўсе дзяржаўныя органы кіравання, каб наладзіць не толькі нармальны працэс праектавання, але і грамадскае абмеркаванне ўжо пададзенага і абмеркаванага ў верасні на навукова-метадычнай радзе пры Міністэрстве культуры эскізнага праекту забудовы правага боку вуліцы Гандлёвай”, – падкрэслівае Астаповіч.

Існуе альтэрнатыўны праект рэканструкцыі, распрацаваны ў межах кампаніі “Будзьма беларусамі!” сябрамі грамадскага аб’яднання “Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры”. Гэты праект атрымаў высокую ацэнку нават з боку камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму, а таксама навуковай рады архітэктурнага факультэту Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэту. Але Беларуская рэспубліканская навукова-метадычная рада ў пытаннях гістарычна-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры гэты праект адкінула, падтрымаўшы прапановы “Менскпраекту”.

belsat.eu

Стужка навінаў