Сёння суд разгледзіць касацыйную скаргу Алеся Бяляцкага


Жонка праваабаронцы Наталля Пінчук пералічыла на рахунак суда кампенсацыю за нанесеную Алесем Бяляцкім “шкоду дзяржаве” – памерам каля $ 90 тыс. Аднак з увагі на палітычны характар пераследу Бяляцкага, праваабаронцы сумняваюцца, што вырак будзе радыкальна перагледжаны.

“Калі б гэтая справа была не палітычная, а датычная звычайнага эканамічнага злачынства, то ў выпадку ўнясення грошай гэта, безумоўна, паўплывала б на радыкальную змену выраку. Але мы маем палітычную справу і не можам гарантаваць таго, што гэта сапраўды будзе мець плён” – мяркуе калега Бялякага, праваабаронца Ўладзімір Лабковіч. Аднак пры гэтым сваякі і паплечнікі палітвязня хочуць выкарыстаць усе магчымасці, каб вырак Бяляцкаму быў перагледзены.

Пачатак разгляду касацыйнай скаргі прызначаны на 10.00 і адбудзецца ў Менскім гарадскім судзе. 24 лістапада суд Першамайскага раёну прызнаў Бяляцкага вінаватым ва ўтойванні даходаў у асабліва буйным памеры і прыгаварыў яго да 4 з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Апрача таго, Бяляцкі мусіць выплаціць дзяржаве ў якасці кампенсацыі каля $ 90 тыс. Гэтую суму ўдалося сабраць дзякуючы ахвяраванням салідарных беларусаў.

Напярэдадні разгляду касацыйнай скаргі Бяляцкага РГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт” (БХК) накіраваў у Менгарсуд экспертную выснову ў справе праваабаронцы. Выснова дадзеная ў межах працэдуры amicus curiae, якая выкарыстоўваецца праваабаронцамі як інструмент удасканалення прававой сістэмы. Такія даследаванні праваабарончыя арганізацыі практыкуюць як магчымасць выкласці суду сваё нейтральнае меркаванне.

“Лічым, што прысуд незаконны і падлягае адмене, а справа – спыненню, – сказана ў выснове БХК. – Дзеля прызнання Бяляцкага вінаватым ва ўчыненні гэтага злачынства неабходна было даказаць, што грашовыя сродкі, пералічаныя на ягоныя рахункі, адкрытыя на тэрыторыі банкаў-нерэзідэнтаў, ёсць ягоным асабістым даходам, з якога ён меў выплаціць падаходны падатак”.

Віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага 24 лістапада прыгаварылі да 4 з паловаю гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Яго прызналі вінаватым ва ўтойванні прыбыткаў у асабліва буйным памеры на падставе ч. 2 арт. 243 Крымінальнага кодэксу. Праваахоўныя органы і суд палічылі прыбыткам Алеся Бяляцкага грошы, якія збіраліся на замежных рахунках праваабаронцы дзеля дапамогі ахвярам палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

belsat.eu

Стужка навінаў