Віктар Марціновіч у «Гарачым каментары»


«Здаецца, на нас паставілі крыж… Нам сказалі, што, ведаеце, хлопцы, вы цяпер з Расеяй, вось хай цяпер яна пра вас і клапоціцца».

Еўразвяз – за пашырэнне «чорнага спісу». Мяркуецца, што ўезд у краіны ЕЗ забароняць яшчэ 135 беларускім чыноўнікам. Санкцыі ўвялі год таму. Цяпер у спісе 208 асобаў.

Акрамя гэтага, санкцыі дзеюць і супраць прадпрыемстваў «Белтэхэкспарт», «Спорт-пары» і «БТ Тэлекамунікацыі», якія абвінавачваюцца ў фінансаванні рэжыму Лукашэнкі. Але аказалася, што візавыя санкцыі ЕЗ не працуюць, калі чыноўнікі наведваюць сустрэчы міжнародных арганізацыяў. Гэтак, напрыклад, падчас перамоваў у Генеральным сакратарыяце Інтэрполу французскі Ліён наведаў міністр унутраных справаў Беларусі Анатоль Куляшоў, а ён таксама ўваходзіць у «чорны спіс». Пасля гэтага выпадку ўзнікла пытанне: а ці здольны Еўразвяз уплываць на Лукашэнку?

Афіцыйна адзначаецца, што санкцыі Еўразвязу супраць афіцыйнага Менску мусяць захоўвацца і ўзмацняцца, пакуль не вызваляць палітвязняў, не спыніцца пераслед палітычнай апазіцыі, незалежных медыяў і праваабаронцаў. Наколькі эфектыўныя гэтыя захады?

Палітычны аглядальнік Віктар Марціновіч называе санкцыі Еўразвязу супраць Беларусі «бясплённасцю, смешнай захадаю». Паводле яго, прыклад з Куляшовым яскрава сведчыць пра тое, што санкцыі не працуюць. Марціновіч мяркуе, што і эфектыўных эканамічных санкцыяў ад Еўразвязу чакаць не варта. Больш верагодна, што ў спіс забароненых да супрацы трапіць чарговае нязначнае прадпрыемства. Прычына ў тым, што сама Еўропа найперш зацікаўленая ў эканамічнай супрацы з Беларуссю. На карысць пэўных кампаніяў працуюць лабісты ў Еўрапарламенце.

Паводле эксперта, моцным крокам было б спыненне нафтавага экспарту з Беларусі або перанос чэмпіянату свету па хакеі, які мае адбыцца ў нашай краіне ў 2014 г. Аднак Віктар Марціновіч упэўнены, што Еўразвяз на гэта не адважыцца.

Ён адзначае катастрафічнае падзенне цікавасці да беларускага пытання: «Здаецца, на нас паставілі крыж… Нам сказалі, што, ведаеце, хлопцы, вы цяпер з Расеяй, вось хай цяпер яна пра вас і клапоціцца». Ці вінаваты тут эканамічны крызіс? На санкцыі супраць Ірану ў Еўразвязу адвагі хапіла, адказвае Віктар Марціновіч.

belsat.eu

Стужка навінаў