Класкоўскі: Байкот мае быць актыўны і прыгожы


Адсутнасць жа адзінай стратэгіі паставіць крыж на рэштках аўтарытэту апазіцыі, мяркуе палітолаг. «Кааліцыя шасці» ўзгадніла пазіцыі адносна ўдзелу ў парламенцкай выбарчай кампаніі 2012 г. Кансультацыі прайшлі ў Менску 23 студзеня.

У іх узялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП), Партыі БНФ, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», аргкамітэту стварэння партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» (БХД), руху «За Свабоду» і грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!».

Паводле лідара БХД Віталя Рымашэўскага, выбараў у Беларусі няма, і няма ніякіх намёкаў, што яны могуць быць праведзеныя ў адпаведнасці з еўрапейскімі стандартамі. Абавязковай умовай правядзення дэмакратычных выбараў, а таксама легалізацыі ўлады апазіцыйныя структуры лічаць вызваленне палітвязняў.

«Кааліцыя шасці» разглядае парламенцкія выбары ў якасці «шырокай палітычнай кампаніі», адзначыў намеснік старшыні АГП Леў Марголін. «Мы павінны прыкласці намаганні, каб выкарыстаць яе па максімуме. Прычым кампанія мае ўключаць не толькі парламенцкія выбары самі па сабе, але і дзеянні для кансалідацыі насельніцтва вакол прыхільнікаў пераменаў, прапагандзе сярод выбарнікаў палітычнай альтэрнатывы цяперашняму рэжыму», – падкрэсліў палітык.

«Байкот – гэта адна з формаў удзелу, якая мае на ўвазе вылучэнне прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, правядзенне назірання за выбарамі, а таксама, магчыма, і вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты», – патлумачыў Леў Марголін.

Каб вызначыць, якія канкрэтна дзеянні трэба рэалізаваць падчас кампаніі, «кааліцыя шасці» мае намер правесці шырокую грамадскую дыскусію з прыцягненнем экспертаў. На канкрэтныя рашэнні плануецца выйсці цягам максімум двух месяцаў.

Пры неабходнасці не выключанае правядзенне кангрэсу дэмакратычных сілаў, які зацвердзіць адзіную пазіцыю. Такі варыянт падтрымлівае палітолаг Аляксандр Класкоўскі: «Калі апазіцыя падчас выбарчай кампаніі не здолее выпрацаваць супольнай платформы, супольнай стратэгіі, можна будзе ставіць крыж на рэштках яе аўтарытэту». Калі стратэгію зацвердзіць кангрэс, гэта будзе дысцыплінаваць прадстаўнікоў апазіцыі.

Палітолаг не выключае эфектыўнасці байкоту, але ён мусіць быць актыўны. «Важна, каб гэта быў дынамічны сцэнар, апазіцыя можа выставіць свае ўмовы, уцягнуцца ў кампанію, скарыстаць нейкія легальныя магчымасці для камунікацыі. І калі не выконваецца прынцыповая ўмова вызвалення палітвязняў – прыгожа, за тры дні ўсе здымаюцца».

belsat.eu

Стужка навінаў