Знаёмы трук? У канкурэнтаў Пуціна – несапраўдныя подпісы


Расейская Цэнтральная выбарчая камісія заявіла, што доля несапраўдных подпісаў у падтрыманне кандыдатаў на прэзідэнцтва Грыгорыя Яўлінскага і Дзмітрыя Мезенцава перавышаюць 10 % пры дазволеных 5 %.

Лідар апазіцыйнай партыі «Яблоко» Грыгорый Яўлінскі мяркуе, што ўлады ўжылі такі ход, каб не дапусціць яго да ўдзелу ў выбарах на пасаду прэзідэнта Расеі. Паводле палітыка, Уладзімір Пуцін баіцца яго як адзінага альтэрнатыўнага кандыдата.

Астатніх канкурэнтаў Яўлінскі лічыць «рознымі іпастасямі ўлады». «Гэта ўсё адзін і той жа Уладзімір Пуцін, толькі ў розных вымярэннях», – цытуе заснавальніка партыі «Яблоко» bbcrussian.com.

Пра несапраўдныя подпісы, выяўленыя цягам першага правярання, парталу расейскай службы «Бі-бі-сі» паведаміла прадстаўніца ЦВК Расейскай Федэрацыі Алена Дубровіна. Паводле яе, кандыдаты яшчэ маюць шанец на рэгістрацыю, калі паспяхова аспрэчаць прызнанне несапраўднымі часткі ўжо адкінутых ЦВК подпісаў. Дубровіна мяркуе, што другая выбарка подпісаў апынецца значна больш «чыстаю», чымся першая.

На думку Яўлінскага, яшчэ важнейшая прычына адхілення яго ад удзелу ў выбарах – страх уладаў перад чатырма тысячамі назіральнікаў, якіх «Яблоко» збіралася накіраваць на выбары, каб перашкодзіць махінацыям.

Апазіцыйны палітык Уладзімір Мілаў, які ў нядзелю ўступіў у саюз з лідарам партыі «Яблоко», ужо заявіў, што патрабаванне пра рэгістрацыю Яўлінскага кандыдатам на прэзідэнта мае быць адным з галоўных патрабаванняў мітынгу пратэсту 4 лютага. Пры гэтым паводле закону рэгістрацыя сканчаецца 28 студзеня.

Паводле Грыгорыя Яўлінскага, кожны пастаўлены за яго подпіс – гэта подпіс рэальных людзей, з якімі можна сустрэцца. Палітык паведаміў, што рашэнне, ці абскарджваць высновы ЦВК, ён прыме з паплечнікамі калектыўна – і пакуль яшчэ не прыняў.

Кандыдаты ад партыяў, прадстаўленых у Дзяржаўнай Думе («Единая Россия», КПРФ, ЛДПР і «Справедливая Россия»), – Уладзімір Пуцін, Генадзь Зюганаў, Сяргей Міронаў і Уладзімір Жырыноўскі – подпісы грамадзянаў збіраць не мусяць і ўжо зарэгістраваныя ЦВК.

belsat.eu
https://youtu.be/WSK7kbl236w
https://youtu.be/K_84VmXjWFk

Глядзі таксама
Каментары