Беларусь не зможа прадаць квоты на выкіды парніковых газаў у 2012 г.


Папраўка да Кіёцкага пратаколу, якая б дазволіла Беларусі ўдзельнічаць у механізме гандлю квотамі, не пачне дзеяць сёлета. Каб атрымаць магчымасць гандлю, неабходная згода адносна ўдзелу нашай краіны ў названым кліматычным пагадненні 75 % з 130 краінаў-удзельніц.

Беларусь добраахвотна прыняла на сябе абавязкі скараціць выкіды парніковых газаў яшчэ ў 2006 г. Але сёння нашае далучэнне да папраўкі зацвердзілі толькі 26 краінаў. “Недапушчальна, каб за шэсць гадоў астатнія краіны не ратыфікавалі нашай папраўкі – гэта несправядлівае стаўленне да Беларусі”, – адзначаў дырэктар Дэпартаменту гідраметэаралогіі Алег Максюцін падчас кліматычнай канферэнцыі.

Магчыма, Беларусі пашчасціць стаць удзельнікам другога этапу абавязацельстваў Кіёцкага пратаколу, які пачнецца 1 студзеня 2013 г. і прадоўжыцца да 31 снежня 2017 або 2020 г. Беларускія эколагі наагул крытычна ставяцца да ўдзелу краіны ў эканамічных механізмах Кіёцкага пратаколу. Адрозненне ў тым, што захады другога этапу менш скіраваныя на скарачэнне выкіду парніковых газаў, а падаюць выключна фінансавы механізм.

“Галоўная мэта Беларусі – зарабіць грошы на гандлі квотамі, а не барацьба з глабальнымі зменамі клімату, – мяркуе каардынатар экалагічнага таварыства “Зялёная сетка” Яраслаў Бекіш. – Эколагі супраць гандлю квотамі як з’явы. Мы за тое, каб змянялася палітыка краіны, тэхналогіі, заканадаўчая база, каб усе інструменты былі скіраваныя на барацьбу з глабальнымі зменамі клімату”.

Сітуацыя ўскладняецца тым, што ў другім перыядзе не будзе з кім гандляваць квотамі. Японія і Канада выходзяць з пагаднення, а менавіта яны мусілі стаць патэнцыйнымі пакупнікамі квотаў. Адзіным буйным пакупніком квотаў застаецца Еўрапейскі Звяз, што можа мець ужо палітычную падкладку.

Згодна з папярэднімі ацэнкамі, Беларусь можа штогод прадаваць квоты прыкладна на 50 млн тонаў парніковых газаў.

belsat.eu

Стужка навінаў