Аэрапорт у Горадні адрамантавалі, але пасажырскіх рэйсаў няма


Авіякампаніі, што лёталі праз абласны цэнтр, сталі банкрутамі.

Аэрапорт у Горадні будаваўся найперш для перавозкі людзей. Але цяпер рэйсавыя самалёты тут не спыняюцца, і гарадзенцы вылятаюць або з Менску, або з літоўскіх ці польскіх аэрапортаў. Тэхнічны стан аэрапорту, пераконваюць працаўнікі, на добрым узроўні. Зроблены рамонт, усталявалі сучаснае аэранавігацыйнае абсталяванне, усе працаўнікі аэрадромных службаў прайшлі падрыхтоўку за мяжою, іхная кваліфікацыя адпавядае міжнародным патрабаванням.

Яшчэ нядаўна тут ажыццяўляўся рэйс на Калінінград – яго выконвала кампанія “Гомельавія”, але праз стратнасць яна перастала існаваць. Паводле дырэктара Анатоля Купрашэвіча, мяркуецца, што рэйсы адновяць увесну. Плануецца самалёт на 50 месцаў, квіток будзе каштаваць каля 60 еўраў: “А вось рэйсу Горадня – Масква пакуль аднаўляць не плануем. Трэба шукаць новых партнёраў, бо дагэтуль перавозкаю займалася кампанія “Атлант Саюз”. Яна належала выканаўчай уладзе Масквы пры кіраванні Лужкова, але пасля ягонага звальнення кампанія распалася”. Пакуль з гарадзенскага аэрапорту лётаюць самалёты з сіноптыкамі ды аграрыямі, якія робяць агляды мясцовасці.

Падобная сітуацыя і ў іншых рэгіянальных аэрапортах. Летась некалькі чартарных рэйсаў ажыццяўлялі з Берасця ў Турцыю ды Егіпет. Аднак мясцовыя ўлады паралельна вядуць перамовы з катарцамі – аб падпісанні дамовы на зямлю побач з аэрапортам, дзе будуць створаныя максімальна льготныя ўмовы для функцыянавання фінансавых і банкаўскіх цэнтраў, у тым ліку ісламскіх фінансавых структураў. Зацікаўленасць маюць таксама мальтыйцы ды італьянцы – на тэрыторыі побач з аэрапортам яны хочуць збудаваць лагістычны цэнтр.

Берасцейскі аэрапорт мае статус міжнароднага, а ягоная адзіная ўзлётна-пасадачная паласа дазваляе прымаць самалёты “Боінг-747”, Іл-86, Ту-154, Ан-124. Але цяпер гэтыя магчымасці амаль не запатрабаваныя. Адзіны рэгулярны пасажырскі авіярэйс ажыццяўляецца на маршруце Берасце – Калінінград і мае сезонны характар. Рэшту часу аэрапорт займаецца бізнес-авіяцыяй і прымае дэлегацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў