Ці прынясуць дом Гарэцкага ў ахвяру «Дажынкам»?


У Горках актывісты збіраюць подпісы за захаванне дому Максіма Гарэцкага, які плануюць знесці перад “Дажынкамі”.

Драўляны дом, абкладзены цэглаю, на меркаванне ўладаў, у аварыйным стане. На яго месцы збіраюцца пабудаваць амфітэатр.

“Зямля пад гэтым домам уваходзіць у план рэканструкцыі набярэжнай, – патлумачыла адна з актывістак, рэдактар мясцовай газеты “Узгорак” Галіна Будная. – Праблема ў тым, што ён з нейкіх прычынаў не ўваходзіць у агульнанацыянальны спіс гістарычна-культурнай спадчыны. Між тым, вядомы пісьменнік жыў тут у 1926–1928 гг.”.

У двухпавярховым доме цяпер восем жылых кватэраў, іх уласнікам паабяцалі новыя. Паводле мясцовых уладаў, дом у аварыйным стане і не ёсць гістарычнаю каштоўнасцю. “Гэта, прабачце за праўду, проста хата”, – заявіла намесніца старшыні Горацкага райвыканкаму Наталля Карнеева ў інтэрв’ю дзяржаўным медыям.

Аднак далёка не ўсе з гэтым згодныя, і не ўсе жыхары гэтага дому хочуць пераехаць. Актывісты на чале з Галінаю Буднаю завіталі ў некаторыя кватэры. “Тая кватэра, дзе я была, не ў такім кепскім стане, ёсць усе камунікацыі. Калі дзесяць гадоў таму дом абклалі цэглаю, гэта паспрыяла яго захаванню ў нармальным стане. Словы ўладаў пра аварыйнасць падаюцца няслушнымі”, – кажа Галіна Будная.

Актывісты просяць адрэстаўраваць будынак, каб стварыць у ім дом-музей Максіма Гарэцкага і музей літаратурнай спадчыны Горак. У найгоршым выпадку актывісты прапаноўваюць усталяваць на яго месцы хаця б годны помнік. Паводле Галіны Буднай, подпісы таксама збіралі прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі ў Менску і Віцебску.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары