Сітуацыю ў Беларусі абмяркуюць на сесіі ПАРЕ


Беларускае пытанне стаіць на парадку дня зімовай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ), якая адкрываецца сёння ў Страсбуры. Чакаецца, што перад дэпутатамі ПАРЕ выступяць прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран, прэзідэнт Фінляндыі Тар’я Халанэн, намеснік генеральнага сакратара ААН Мішэль Башэлет, генеральны дырэктар ЮНЕСКА Ірына Бокава, брытанскі міністр у справах Еўропы Дэйвід Лідынгтан, міністр замежных спраў Грузіі Грыгол Вашадзэ. На сесіі адбудзецца абранне новага прэзідэнта ПАРЕ і камісара Рады Еўропы ў правах чалавека.

Беларускае пытанне плануюць абмеркаваць 25 студзеня. Перад парламентарамі Рады Еўропы выступіць са справаздачаю дакладчык ПАРЕ ў сітуацыі ў Беларусі Андрэс Хэркель. Будзе таксама заслуханы даклад прадстаўніцы камітэта ПАРЕ ў юрыдычных пытаннях і правах чалавека, нямецкага дэпутата Марылюізэ Бэк.

Даклад Хэркеля і праект рэзалюцыі, якія будуць вынесеныя на галасаванне, абмяркоўваліся 15 снежня на пасяджэнні палітычнага камітэту ПАРЕ. Камітэт выказаў глыбокую занепакоенасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека, а таксама грамадзянскімі ды палітычнымі правамі ў Беларусі. На меркаванне камітэту, санкцыі Еўразвязу ў дачыненні афіцыйнага Менску мусяць захоўвацца і нават узмацняцца, пакуль не будуць вызваленыя палітвязні, не спыніцца ціск і пераслед палітычнай апазіцыі, незалежных медыяў і праваабаронцаў.

Прапаноўваецца не аднаўляць кантактаў ПАРЕ з уладамі Беларусі на высокім узроўні да ўвядзення ў Беларусі мараторыю на смяротную кару Да гэтага ж моманту мае заставацца замарожаная і заяўка Беларусі на вяртанне Нацыянальнаму сходу статусу адмыслова запрошанага ў ПАРЕ.

Пры гэтым палітычны камітэт ПАРЕ лічыць неабходным узмацніць падтрыманне грамадзянскай супольнасці, незалежных медыяў і дэмакратычных сілаў Беларусі.

Варта адзначыць, што Беларусь – адзіная еўрапейская краіна, якая не ўваходзіць у Раду Еўропы. Статус адмыслова запрошанага ў ПАРЕ беларускі парламент страціў 13 студзеня 1997 г. у сувязі з грубымі парушэннямі правоў чалавека ў краіне.

belsat.eu

Стужка навінаў