Дзяніс Гур'еў: Рэкламны бізнес белнэту апынуўся па-за законам


Беларускі інтэрнэт рыхтуецца да магчымых санкцыяў за парушэнне Указу №60, што рэгулюе дзейнасць беларускага сегменту сусветнай сеткі. З-за шматлікіх супярэчнасцяў ды адсутнасці дакладнага тлумачэння новых нормаў аўтаматычна пад удар трапляюць беларускія фірмы, што займаюцца размяшчэннем рэкламы ў інтэрнэце.

Генеральны дырэктар групы кампаніяў “Webcom Media” Дзяніс Гур’еў падкрэслівае няпэўны стан, у якім апынуўся рэкламны бізнес белнэту. Паводле эксперта, магчымыя санкцыі за парушэнне Указу №60 могуць прывесці да банкруцтва цэлы шэраг фірмаў. Па-за законам аказаліся кампаніі, што змяшчаюць рэкламу на такіх рэсурсах, як yandex.ru, google.ru з той прычыны, што гэтыя пошукавыя сайты… не зарэгістраваныя ў Беларусі.

Частка беларускіх прадпрыемстваў рэкламуе сваю прадукцыю праз інтэрнэт. “Гэта самы танны спосаб заявіць пра сябе за мяжою – у Расеі, ва Украіне. Такія пошукавыя сістэмы, як yandex, – ва ўсім свеце, гэта сусветныя гіганты, – кажа Дзяніс Гур’еў. – Атрымліваецца, што беларускія прадпрыемствы, змяшчаючы з нашаю дапамогаю сваю рэкламу, не парушаюць указу. Але мы – парушаем, бо мы не маем права іх рэкламаваць. Але мы не можам не выканаць свае забавязальніцтвы, бо мы іх узялі на сябе яшчэ на пачатку года”.

Дзяніс Гур’еў, які стаяў ля вытокаў беларускага інтэрнет-маркетынгу, падкрэслівае, што ў небяспечнай сітуацыі ўсе беларускія рэкламныя інтэрнет-агенцтвы. “Хтосьці прадае банэры, хтосьці прадае кантэкставую рэкламу, хтосьці – паслугі ў прасоўванні сайтаў. Увесь рэкламны бізнес у інтэрнэце цяпер – парушальнік Указу №60”, – падсумаваў Дзяніс Гур’еў.

belsat.eu

Стужка навінаў