Сваякі Каваленкі просяць дапамогі міжнароднай супольнасці


“Стан здароўя Сяргея Каваленкі выклікае непакой. Усе даступныя захады, што рабіліся чальцамі сям’і ды віцебскаю дэмакратычнаю грамадскасцю дзеля вызвалення апазіцыйнага актывіста і вываду яго з галадоўкі, не далі выніку”, – цытуе тэкст адозвы праваабарончы сайт www.spring96.org.

Адозва накіраваная ў дыпламатычныя і гуманітарныя ўстановы – АБСЕ, ААН, Сусветную арганізацыю аховы здароўя, а таксама ў акрэдытаваныя ў Беларусі пасольствы ЗША, Швецыі, Чэхіі, Расеі ды іншых краінаў. Інфармацыю аб пераследзе актывіста апазіцыі перадалі ў праваабарончую арганізацыю “Міжнародная амністыя”.

“Мы звяртаемся да ўрадаў і парламентаў дэмакратычных краінаў, да міжнародных праваабарончых і гуманітарных арганізацыяў, да ўсіх людзей добрай волі з заклікам выратаваць Сяргея Каваленку, захаваць яму жыццё і здароўе”, – гаворыцца ў адозве.

Актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка неаднаразова затрымліваўся міліцыяй за арганізацыю розных акцыяў. У траўні 2010 г. суд Кастрычніцкага раёну Віцебску асудзіў яго на 3 гады пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ялінцы Віцебску 7 студзеня. Гэты ўчынак ўлады кваліфікавалі як “наўмысныя дзеянні, што груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць яўную непавагу да грамадства”.

У канцы мінулага года супраць Каваленкі распачалі справу на падставе арт. 415 Крымінальнага кодэксу (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі), яму пагражае да 3 гадоў пазбаўлення волі. Падставаю для гэтага нібыта былі чатыры парушэнні, якія Каваленка ўчыніў, адбываючы пакаранне. 19 снежня апазіцыянер быў змешчаны ў віцебскі СІЗА, а 20-га – абвесціў галадоўку на знак пратэсту супраць свайго затрымання.

Без сродкаў да існавання засталася сям’я Каваленкі – жонка, якая не працуе, і двое малых дзяцей. Прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў абвесцілі збор сродкаў для дапамогі сям’і віцебскага апазіцыянера. Паводле стану на 19 студзеня было сабрана прыблізна 2 млн руб.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары