Не заплаціў штраф – не выедзеш за мяжу


У гомельскім ДАІ лічаць, што дзякуючы такой пагрозе кіроўцы будуць аплачваць штрафы своечасова.

ДАІ падлічыла, што ў Гомельскай вобласці кожны другі парушальнік своечасова не аплачвае штраф. Прапаноўваецца звесткі пра нядобрасумленных кіроўцаў накіроўваць на памежныя пункты, каб парушальнікаў не выпускалі за мяжу. Ці магчыма гэта зрэалізаваць практычна, каментуе прэсавы сакратар Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандр Цішчанка.

“ДАІ не мае паўнамоцтваў абмяжоўваць выезд. Гэта можна зрабіць толькі праз суд. У выпадку, калі суд стане на бок ДАІ, інфармацыя пра абмежаванне на выезд грамадзяніна трапляе ў нашую базу звестак. І калі такі чалавек паспрабуе пакінуць межы Беларусі, памежнікі, прасканаваўшы пашпарт, убачаць, што выпускаць яго нельга”.

Такая практыка існуе ў Расеі. У аэрапортах, перад тым, як сесці ў самалёт, кіроўцы часта аплачваюць штрафы за парушэнне правілаў дарожнага руху. А вось ва Украіне няма аўтаматызаванай сістэмы. Таму замежнікі часта з’язджаюць, так і не аплаціўшы штраф, бо інфармацыя пра гэта не паступае на памежны пункт.

У Беларусі ўдакладніць, ці вашае прозвішча не фігуруе ў “забаронным спісе”, можна ў аддзеле грамадзянства і міграцыі МУС па месцы жыхарства.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары