Берасце: актывісты «Гавары праўду!» патрабуюць чыстага паветра


Берасцейскія актывісты грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!” сабралі больш за тысячу подпісаў пад зваротам да мясцовых уладаў з патрабаваннем зліквідаваць прычыны смуроду ў горадзе. Дакумент накіраваны ў Берасцейскі гарвыканкам.

Як паведаміла актывістка кампаніі Ганна Канюс, у звароце са спасылкаю на закон “Аб санітарна-гігіенічным дабрабыце насельніцтва” падпісанты просяць зрабіць захады, скіраваныя на перадухіленне, памяншэнне і спынення адмоўнага ўздзеяння смуроду на здароўе грамадзянаў.

“Збор подпісаў пад гэтым калектыўным патрабаваннем пачалі летась у канцы верасня ў межах распачатай намі акцыі “За чыстае паветра”, – дапоўніла актывістка. – Нагодаю паслужылі звароты грамадзянаў у грамадскую прыёмную кампаніі ў Берасці”.

Паводле ейных словаў, жыхары дамоў у цэнтры гораду побач з ракою Мухавец скардзіліся на непрыемны пах, які ўжо не першы год запаўняе іхныя кватэры і дамы, а ўлады дагэтуль не развязалі гэтай праблемы.

“Спадзяемся, яны зробяць гэта пасля звароту да іх больш як тысячы берасцейцаў. Як аказалася, з праблемаю смуроду сутыкаюцца жыхары не толькі цэнтру гораду”, – адзначыла спн. Канюс.

Яна нагадала, што актывісты кампаніі “Гавары праўду!” падавалі заяўкі ў гарвыканкам на тры пікеты: 25, 26 і 27 лістапада з мэтаю прыцягнуць увагу ўладаў да праблемы смуроду ў Берасці і выказаць пратэст у звязку з бяздзейнасцю чыноўнікаў у гэтым пытанні. Правядзенне ўсіх пікетаў гарвыканкам забараніў.

“Мы лічым, чыноўнікі пабаяліся публічнага агучвання праблемы, якая хвалюе шмат каго з жыхароў гораду. Перыядычна яны вымушаныя зачыняць у сваіх кватэрах і дамах усе вокны і форткі, як у падводных лодках задрайваюць люкі”, – падкрэсліла спн. Канюс.

belsat.eu

Стужка навінаў