67-гадовы паляк за жарт у самалёце заплаціць штраф у памеры € 30 тысяч


Пажылы пасажыр рэйса Варшава-Хургада, які пажартаваў, што ў яго ёсць бомба, заплаціць € 30 тыс. перавозчыку за экстраную пасадку ў Балгарыі.

Пасажыр рэйса Варшава-Хургада, які абвясціў аб наяўнасці ў яго бомбы, праз што экіпаж самалёта здзейсніў экстраную пасадку ў Бургасе ў Балгарыі, павінен будзе выплаціць кампаніі-перавозчыку € 30 тыс.

67-гадовы паляк знаходзіўся ў стане алкагольнага апянення і вырашыў пажартаваць. У гэтым ён прызнаўся яшчэ падчас палёту, аднак, экіпаж здзейсніў пасадку, на борт лайнера былі выкліканыя антытэрарысты, а ўсе рэчы пасажыраў рэйса былі правераны. Жартаўнік правёў дзень пад арыштам у Балгарыі, інфармуе radiopolsha.pl.

30 тысяч еўраў – гэта мінімальныя выдаткі, якія панёс перавозчык, літоўская кампанія «Small Planet». Прадстаўнік авіякампаніі Томаш Астойскі заявіў, што ў гэтую суму ўваходзіць кошт дадатковага паліва, аплаты за знаходжанне самалёта ў Бургасе, другі самалёт для пасажыраў, а таксама харчаванне і напоі для іх. Хутчэй за ўсё, 67-гадоваму паляку прыйдзецца таксама пакрыць кошт акцыі балгарскіх антытэрарыстаў.

19 лістапада самалёт, які ляціць з Варшавы ў Хургаду ў Егіпце, здзейсніў аварыйную пасадку ў балгарскім аэрапорце ў Бургасе. Тэлеканал «TVN24» прывёў словы адной з пасажырак. «Раптам у самалёт уварваліся антытэрарысты. У іх былі аўтаматы. Пачалі крычаць на аднаго з пасажыраў: «Дзе бомба?», – паведаміла жанчына. Паводле ейных слоў, адзін з пасажыраў самалёта, сталы мужчына, паведаміў падчас палёту, што пранёс на борт бомбу. Менавіта ён у суправаджэнні антытэрарыстаў пакінуў самалёт у Бургасе.

МЯ, паводле radiopolsha.pl

Стужка навінаў