Да Андрэя Саннікава дапусцілі адваката


Да былога кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава дапусцілі адваката. Пра гэта паведаміла жонка палітыка Ірына Халіп. Яна зазначыла, што сустрэча з адвакатам Марынаю Кавалеўскаю адбылася ўпершыню пасля амаль трох месяцаў поўнай ізаляцыі Саннікава ў калоніі “Віцьба-3”.

“Вядома, што Саннікава ўжо перавялі з памяшкання камернага тыпу ў атрад. Хутчэй за ўсё, з гэтым звязана тое, што да яго нарэшце дапусцілі абаронцу. Андрэй кажа, што ў яго ўсё нармальна, скаргаў на здароўе ён не мае, і наагул ніякіх скаргаў няма”, – паведаміла Халіп.

Паводле яе, адсутнасць скаргаў у Саннікава можа тлумачыцца з тым, што на аўторак, 24 студзеня, у яго запланаванае кароткатэрміновае спатканне са сваякамі. “Прынамсі, заяву на спатканне падавалі ягоная маці Ала Саннікава і я. Таму Андрэй кажа, што ў яго ўсё ў парадку, каб не парушыць гэтых планаў”, – сказала Халіп.

14 траўня суд Партызанскага раёну Менску прыгаварыў Саннікава да 5 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму за арганізацыю масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г. Да Саннікава не дапускалі адвакатаў на працягу амаль трох месяцаў. Кіраўніцтва калоніі спасылалася на тое, што Саннікаў заявіў пра існаванне пагрозы ягонаму жыццю і здароўю, таму да яго не дапускаюць пабочных асобаў. На скаргі сваякоў у Дэпартамент выканання пакаранняў МУС выканаўца абавязкаў начальніка дэпартаменту Сяргей Працэнка 11 студзеня адказаў, што праверка не выявіла, што Саннікаву неабходная юрыдычная дапамога. У лісце гаворыцца, што кіраўніцтва папраўчай калоніі не мела і не мае цяпер звестак пра неабходнасць давання яму такой дапамогі.

belsat.eu

Стужка навінаў