Польшча: беларусы патрабуюць арыштаваць Куляшова


Беларусы, што жывуць у Польшчы, пікетавалі амбасаду Францыі ў Варшаве. Яны патрабавалі арышту міністра ўнутраных справаў Анатоля Куляшова, які наведаў з візітам гэтую краіну.

“Яго абвінавачваюць у катаваннях, разгоне дэманстрацыяў, іншых справах. Мы не разумеем, як ён атрымаў візу. Мы ведаем, што прадстаўнікі юрыдычнай фірмы звярнуліся ў пракуратуру Парыжу з просьбаю затрымаць яго і высветліць, ці мае ён дачыненне да гэтых справаў. Мы хочам, каб гэта выканалі, і каб ён быў затрыманы”, – заявіў Анатоль Міхнавец, кіраўнік арганізацыі “Беларуская нацыянальная памяць”.

Сябра грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Зміцер Бародка падкрэсліў, што менавіта пад кіраўніцтвам Анатоля Куляшова адбываўся сілавы разгон мірнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 г. “Мы выказваем пратэст супраць гэтага візіту. Нам не зразумела, дзеля чаго Еўразвяз уводзіць санкцыі, а затым яны не працуюць. Гэта плявок у твар усім беларусам і ўсёй беларускай дэмакратычнай супольнасці”, – заявіў ён.

Французскі адвакат Вільян Бурдон 19 студзеня падаў у Парыжы пазоў супраць прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ды кіраўніка Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Анатоля Куляшова. Юрыст абвінавачвае іх у катаваннях і жорсткім абыходжанні з грамадзянамі пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 г. Вільян Бурдон заяўляе, што дзее ад імя пяці беларусаў і прэзентуе інтарэсы “ахвяраў Аляксандра Лукашэнкі ды ягонага міністра ўнутраных справаў”.

Пазоў падалі акурат падчас візіту Анатоля Куляшова ў Францыю, дзе той удзельнічае ў сустрэчы, арганізаванай Інтэрполам. Юрыст патрабуе, каб кіраўніка беларускага МУС неадкладна арыштавалі. “Гэта вельмі тэрміновая справа – неабходна як мага хутчэй прыняць захады, каб правесці расследаванне і вызначыць ягоную адказнасць за ўчыненыя правапарушэнні”, – гаворыцца ў скарзе адваката, які таксама накіраваў ліст міністру юстыцыі Францыі.

belsat.eu

Стужка навінаў