Менск пад снегам


Нечаканы, прынамсі для гарадскіх службаў і некаторых кіроўцаў, снегапад засыпаў сталіцу.

Снег вывозяць каля 200 самазвалаў, але гэтага недастаткова, каб ачысціць вуліцы. Менгарвыканкам абвесціў “надзвычайную сітуацыю” і заўтра выводзіць на бой са снегам працаўнікоў прадпрыемстваў. “Белсат” запытаўся ў менчукоў, як яны ацэньваюць працу гарадскіх службаў.

“Прыбіраюць толькі там, дзе “прэзідэнцкая траса” (праспект Незалежнасці, Пераможцаў і вул. Энгельса. – “Белсат”), перыферыя ўвогуле не прыбіраецца ні ўдзень, ні ўначы – вялікая праблема. Немагчыма ездзіць па горадзе, тым болей што палова яшчэ не “пераабулася” і ездзіць на лысай гуме. Як народ паедзе з працы, то будуць і коркі, і аварыі”, – кажа мужчына.

“Дарогі жахлівыя. Нават на вуліцы Леніна, дзе ведаюць, што такі пад’ём, – не прыбралі, не пасыпалі нічым. Толькі праспект Пераможцаў прыбралі, бо ездзіць прэзідэнт. Каля выканкамаў прыбралі – ездзіць кіраўнік адміністрацыі, а больш нідзе. У дварах дворнікі нешта робяць, шкробаюць, але хіба ж яны могуць усё прыбраць?” – абураецца кіроўца.

“У прынцыпе, увесь горад стаіць. Што будзе ўвечары – не ўяўляю. Гэта трэба на 2 гадзіны раней з працы выязджаць, каб нармальна дадому паспець”, – кажа малады чалавек.

“Яго прыбіраеш, а ён умомант ізноўку засыпае. Тут нічога не зробіш, мы ж не загадаем надвор’ю, каб яно супакоілася”, – кажа жанчына сталага веку.

“Нармальна ўсё. Мы ўжо прызвычаіліся, мы ўсё трываем. Жанчыны ўвогуле да ўсяго прызвычаіліся”, – супакойвае чарговая рэспандэнтка.

belsat.eu

Стужка навінаў