Гары Паганяйла: У Куляшова ёсць усе шанцы «затрымацца» ў Францыі


Міжнародныя дамовы, падпісаныя ў тым ліку Францыяй ды Беларуссю, вызначылі працэдуру прыцягнення вінаватых у міжнародных злачынствах да адказнасці.

Як патлумачыў «Белсату» праваабаронца Гары Паганяйла, гэта прынцып «універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі». Ён дазваляе следчым і судовым органам дзяржавы прымаць да вытворчасці справу нават пры адсутнасці непасрэднай сувязі паміж злачынствам і дадзенаю дзяржаваю.

«Праўда, праблема можа быць з тым, што Анатоль Куляшоў прыбыў у Францыю на запрашэнне міжнароднай міжурадавай арганізацыі (Інтэрпол. – “Белсат”), што надае яму асаблівы статус», – разважае Гары Паганяйла. Разам з тым праваабаронца адзначае: міжнародныя юрысты схіляюцца да таго, што пры здзяйсненні асаблівых злачынстваў (якімі з’яўляюцца і катаванні) трэба прыцягваць да адказнасці, нягледзячы на дыпламатычны імунітэт. Менавіта гэтак распачалі справу супраць Муамара Кадафі”, – нагадвае Гары Паганяйла.

Французскі адвакат Вільян Бурдон (William Bourdon) 19 студзеня падаў у Парыжы пазоў супраць прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і кіраўніка МУС Беларусі Анатоля Куляшова. Юрыст абвінавачвае іх у катаваннях і жорсткім абыходжанні з грамадзянамі пасля прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года. Вільян Бурдон заяўляе, што дзеіць ад імя пяці беларусаў і прэзентуе інтарэсы «ахвяраў Аляксандра Лукашэнкі ды ягонага міністра ўнутраных справаў».

Пазоў падалі акурат падчас візіту Анатоля Куляшова ў Францыю, дзе той удзельнічае ў сустрэчы, арганізаванай Інтэрполам. Юрыст патрабуе, каб кіраўніка беларускага МУСу неадкладна арыштавалі. «Гэта вельмі тэрміновая справа, неабходна як мага хутчэй прыняць захады, каб правесці расследаванне і вызначыць ягоную адказнасць за ўчыненыя правапарушэнні», – гаворыцца ў скарзе адваката, які таксама накіраваў ліст міністру юстыцыі Францыі.

belsat.eu

Стужка навінаў