Аляксандр Класкоўскі ў «Гарачым каментары»


Аляксандр Лукашэнка прызнаўся, што сур’ёзна думае пра палітычныя рэформы ў Беларусі. Нязменны прэзідэнт падае сігналы беларусам пра тое, што перамены, якіх яны гэтак прагнуць, – адбудуцца! Праўда, выказваецца лідар праз кітайскія медыі – ды цікавіцца досведам якраз гэтай краіны. Апазіцыя на абяцанні Лукашэнкі рэагуе скептычна. Тым часам эксперты не выключаюць і эканамічных матываў “палітычнага манеўру”.

Заява Аляксандра Лукашэнкі пра палітычныя рэформы ў Беларусі выклікала сапраўдную ліхаманку ў медыях. Бо пра палітычныя перамены загаварыў не хто іншы, як “апошні дыктатар Еўропы”. І нават не так важна, што акурат услед за кіраўніцтвам Расеі. У інтэрв’ю кітайскім медыям Лукашэнка абяцае змяніць палітычную сістэму, аднак тэрмінаў рэформы не акрэслівае – як і мэтаў. Зрэшты, паводле Лукашэнкі, заўсёды трэба быць на крок наперадзе працэсаў, які адбываюцца ў краіне. А кіравацца прэзідэнт Беларусі збіраецца палітычным досведам Паднябеснай. На першы погляд “сенсацыйная” заява можа стаць традыцыйнаю чарговаю маніпуляцыяй нязменнага прэзідэнта Беларусі.

“Сапраўды, хто не ведае прэзідэнта Беларусі, падумае, што нейкі воўк у лесе здох, бо Лукашэнка, які ўвесь час вядзе нас у светлую мінуўшчыну, пачаў казаць пра мадэрнізацыю. Але за сямнаццаць гадоў беларускага лідара ўжо ўсе добра вывучылі, таму робяць выснову, што гэта найперш рыторыка. Але тут яшчэ і новая сітуацыя. Гэта робіцца праз “не хачу”, як і эканамічныя змены. Вось пакуль не прыпячэ ўладам Беларусі – яны нічога не хочуць мяняць, бо гэтая сістэма ідэальная з боку захавання ўлады”, – кажа палітолаг Аляксандр Класкоўскі.

Але – прыклады “арабскай вясны”, бясслаўны канец сябра кіраўніка Беларусі палкоўніка Кадафі, да таго ж сур’ёзныя хваляванні ў суседняй Расеі… Таму спадар Класкоўскі не выключае, што ў новай сітуацыі кіраўніцтва нашай краіны можа пайсці на нейкія “касметычныя” змены.

“Я б узяў тут прыклад Расеі – гэта такі лягчэйшы аўтарытарызм. Тое, што самі расейскія паліттэхнолагі назвалі “кіраванаю дэмакратыяй”. Дык вось, на нейкія элементы такой “дэмакратыі” Лукашэнка мог бы пайсці. І яго ж даўно змушаюць – ёсць, відаць, лабісты сярод чыноўніцтва і паліттэхнолагаў. Маўляў, трэба пачаць гульню ў шматпартыйнасць і змяніць частку гэтай сістэмы, каб хоць частка парламентароў выбіралася паводле партыйных спісаў. Напрыклад, Назарбаеў нядаўна правёў такія выбары – і разам з тым трымае сітуацыю ў руках. Аднак у Беларусі такая персанальная сістэма ўлады, таму нават сімвалічна дзяліцца ўладаю… Ну, не з тых людзей Лукашэнка”, – кажа Аляксандр Класкоўскі.

belsat.eu

Стужка навінаў