Аляксандр Баразенка выйшаў на свабоду


Тэлеаператара затрымалі падчас выканання працоўных абавязкаў. Ён здымаў акцыю салідарнасці з палітвязнямі каля будынку КДБ у Менску. Калі актывіст “Еўрапейскай Беларусі” Мікіта Каваленка разгарнуў партрэты палітзняволеных і бел-чырвона-белы сцяг, яго разам з журналістам затрымалі працаўнікі Камітэту дзяржаўнай бяспекі.

У панядзелак, 9 студзеня, суд Цэнтральнага раёну Менску пакараў тэлеаператара Аляксандра Баразенку 11 днямі адміністратыўнага арышту. Актывіста “Еўрапейскай Беларусі” Мікіту Каваленку арыштавалі на 15 дзён. Абодвух суд прызнаў вінаватымі ў парушэнні парадку арганізацыі або правядзення масавай акцыі або пікетавання.

На волі Аляксандра сустракалі сваякі, сябры і калегі. Журналіст збіраецца аспрэчваць прысуд, бо 8 студзеня ён выконваў працу і не браў удзелу ў пікеце. Падчас арышту Баразенка трымаў галадоўку.

“Адміністрацыя ніяк не рэагавала. Там былі людзі, якія збіраліся рэзаць вены, – наркаманы, ім было вельмі дрэнна. Прасілі ўвесь час выклікаць “хуткую”, але ніхто ніяк не рэагаваў. Прысуд буду абскарджваць: я ведаю, што ні ў чым не вінаваты, я выконваў свае прафесійныя абавязкі, у акцыі не ўдзельнічаў. А заўтра пачнем працаваць нанова”, – кажа Аляксандр Баразенка.

belsat.eu

Стужка навінаў