Двухпакаёўка ў дзяржаўным арэндным доме будзе каштаваць да $ 440 на месяц


Ужо сёлета ў Менску з’явяцца першыя арэндныя дамы. Ва ўсім горадзе пабудуюць панэльныя дамы, у якія пачнуць рассяляць людзей з чаргі на паляпшэнне жыллёвых умоваў. Кватэры ў іх будуць здаваць на доўгі тэрмін.

“Будоўля арэндных дамоў распачалася ў Першамайскім раёне яшчэ ў канцы мінулага года, – распавядае кіраўнік упраўлення жыллёвай палітыкі Менскага гарвыканкаму Аляксандр Аўраменка. – Яны будуць месціцца ў мікрараёне Акадэмгарадок, каля Парку высокіх тэхналогіяў. Хутчэй за ўсё, працаўнікі Парку там і будуць жыць”.

Тым часам Савет Міністраў прыняў пастанову, у якой вызначаецца, колькі будзе каштаваць жытло ў такіх арэндных дамах. За кожны квадратны метр плошчы давядзецца плаціць 0,2 базавай велічыні. Але выканкамы будуць ужываць каэфіцыенты павышэння – ад 1 да 3. Такім чынам, ад красавіка двухпакаёвая кватэра (60 кв. м) у найлепшай зоне планіроўкі Менску будзе каштаваць каля $ 440 на месяц. А вось аднапакаёўку (35 кв. м.) у менш прэстыжным раёне сталіцы можна знайсці ўсяго за $ 85.

Наколькі гэта адпавядае коштам на рынку нерухомасці?

“Паводле апісаных параметраў можна без праблемаў знайсці двухпакаёвыя кватэры ў цэнтры за $ 250–300, а аднапакаёўкі ў Шабанах – за $ 160–180, – кажуць у агенцтве нерухомасці “Твая сталіца”. – Найчасцей кватэры здаюць хоць з нейкаю мэбляю”. А вось дзяржаўныя арэндныя кватэры будуць пустыя. Затое выселіць наймальнікаў з іх будзе цяжка – пры своечасовай аплаце камунальных паслугаў і выкананні астатніх патрабаванняў дамова мусіць працягвацца аўтаматычна – хоць да бясконцасці.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары