РАУС: Цялесных пашкоджанняў у актывістак “Femen” не выявілі


Ельскі РАУС 18 студзеня прыняў пастанову адмовіць у распачынанні крымінальнай справы па факце інцыдэнту з актывісткамі ўкраінскага руху “Femen”.

Як паведамілі ў прэс-службе УУС Гомельскага аблвыканкаму, цягам праведзенай праверкі міліцыя не здабыла матэрыялаў або доказаў інфармацыі, якая з’явілася ў інтэрнэце, пра выкраданне і збіццё ўкраінак.

“У інтэрнэце з’явілася інфармацыя, што 20 снежня ў Менску выкралі грамадзянак Украіны, якіх пасля даставілі ў вёску Бякі Ельскага раёну. На месца выехала следча-аператыўная група, дзяўчыны сапраўды былі ў вёсцы, іх даставілі ў РАУС. Яны далі тлумачэнні, аналагічныя інфармацыі ў інтэрнэце – што іх выкралі, пагражалі жыццю, здзекаваліся. Але заявы дзяўчаты не пісалі, праверка праводзілася па факце”, – пракаментаваў начальнік аддзелу інфармацыі і грамадскіх сувязяў УУС Андрэй Мазепін.

Паводле яго, міліцыя накіравала шэраг запытаў, на якія атрымала адказы, апытала магчымых сведак злачынства, правяла экспертызу дзяўчат – але цялесных пашкоджанняў у іх не выявіла. “Матэрыялаў, якія пацвярджаюць словы ўкраінак, не здабылі, ва ўзбуджэнні крымінальнай справы адмовілі, бо няма складу злачынства”, – дадаў начальнік аддзелу.

Актывістак “Femen’у” Іну Шаўчэнку, Аксану Шачко і Аляксандру Нямчынаву затрымала міліцыя ў памежнай зоне ў вёсцы Бякі Ельскага раёна 20 снежня. Дзяўчаты паведамілі, што ўвечары 19 снежня на Усходнім аўтавакзале ў Менску іх затрымалі шэсць мужчынаў, якія не назваліся, але адразу ж насунулі шапкі на вочы актывісткам і павезлі іх у невядомым кірунку.

Паводле дзяўчат, іх вывезлі ў лес, дзе пагражалі ды ўсяляк здзекаваліся, прымушалі распранацца дагала, аблілі галовы зялёнкаю, прымушалі трымаць плакаты з фашысцкаю свастыкаю. Усё гэта здымалася на відэакамеру.

У актывістак “Femen’у” пры затрыманні забралі мабільныя тэлефоны і дакументы. У выніку яны апынуліся за паўтара кіламетры ад украінскай мяжы, выйшлі да вёскі Бякі, дзе звярнуліся да мясцовых жыхароў. Пасля прыехала міліцыя і забрала іх у пастарунак.

Міліцыянты патлумачылі, што дзяўчат знайшлі ў памежнай зоне ў вёсцы Бякі. У іх не было дакументаў, таму іх даставілі ў аддзел міліцыі для разбору. Туды ж прыбыў консул Украіны, які пасля перавёз іх праз беларуска-ўкраінскую мяжу і даставіў у Кіеў.

19 снежня ў Менску Іна Шаўчэнкі, Аксана Шачко і Аляксандра Нямчынава, агаліўшыся па пояс перад уваходам у будынак КДБ, цягам некалькіх хвілінаў трымалі плакаты з надпісамі “Freedom to political prisoners” (“Свабоду палітычным зняволеным”) і “Жыве Беларусь!”. Другі лозунг яны скандавалі. Акцыя была прымеркаваная да гадавіны разгону ў Менску апазіцыйнай дэманстрацыі 19 снежня 2010 г., удзельнікі якой не пагадзіліся з афіцыйнымі вынікамі прэзідэнцкіх выбараў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары