Ці ёсць Беларусь сацыяльнаю дзяржаваю?


30 лістапада тэлеканал «Белсат» пакажа трэці круглы стол экспертаў з цыклу «Перад выбарам». Ён будзе прысвечаны цяперашняму стану эканомікі.

Нагадаем, гэты цыкл тэледыскусіяў з нагоды будучых прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі закліканы дапамагчы гледачам зрабіць слушны выбар 19 снежня падчас галасавання на прэзідэнцкіх выбарах.

У першым выданні эксперты аналізавалі тое, як выбудавалася сістэма ўлады ў Беларусі і наколькі яна эфектыўная. Прачытаць пра гэтую праграму можна тут  

А затым удзельнікі ў студыі «Белсату» 23 лістапада разважалі наконт таго, ці сапраўды Беларусь – сацыяльная дзяржава, калі меркаваць паводле ўмоваў жыцця пенсіянераў, сітуацыі з медычным абслугоўваннем і ўзроўню жыллёва-камунальных паслугаў.

Экспертамі выступілі старшыня Менскай гарадской суполкі Прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці Ігар Комлік, эканаміст Леанід Злотнікаў, намесніца старшыні Фонду спрыяння лакальнаму развіццю Галіна Скараход і эксперт у галіне рэгіянальнага развіцця Ігар Сівагракаў.

Што датычыць пенсіянераў, то чвэрць іх працуе, а гэта 700 тыс. чалавек. І гэта вымушаная сітуацыя. У сюжэце да круглага стала прагучала думка, што выхад беларусаў на пенсію робіцца для іх фінансавым шокам. Сярэдняя пенсія – усяго 170 долараў. Для параўнання, у польскіх пенсіянераў – 550 долараў, зазначыў Леанід Злотнікаў. Фантастыка для сталых беларусаў! А што ўжо казаць пра згадку Ігара Комліка пра калегу з дацкіх прафсаюзаў, які збіраецца выходзіць на пенсію і разлічвае на 4000 еўраў.

На думку Леаніда Злотнікава, пераход на ашчаджальную сістэму, пра якую шмат кажуць апошнім часам, пакуль не магчымы, бо неэфектыўная камандная эканоміка такога цяжару не пацягне. Заробкі ды пенсіі – нават малыя – і цяпер перавышаюць магчымасці нашай эканомікі. Для пераходу на ашчаджальную пенсійную сістэму трэба браць крэдыт на некалькі мільярдаў долараў, мяркуе эксперт.

Аптымальнаю лічыцца такая прапорцыя: два працоўныя і болей на аднаго пенсіянера. У Беларусі, адзначыла ў эфіры «Белсату» намесніца міністра працы Валянціна Каралёва, 1,6:1. Таму, паводле Галіны Скараход, праца беларускіх пенсіянераў патрэбная дзяржаве.

Апроч гэтага, пенсіянеры цярпяць і ад таго, што бясплатная медыцына ў Беларусі – уяўная з’ява. Як зазначыла Галіна Скараход, у кожнай паліклініцы сёння вісіць пералік платных паслугаў. Канстытуцыю парушае сама дзяржава, канстатавала яна. Леанід Злотнікаў звярнуў увагу на тое, што эканамічны менталітэт нашага народу мусіць мяняцца. Бо, скажам, не можа быць уласна бясплатнай медыцыны. Гэта мы плацім падаткі, у тым ліку і на яе.

Апрача гэтага, эксперты праграмы «Перад выбарам», прысвечанай сацыяльнай дзяржаве, паразважалі над такімі праблемамі, як змяншэнне працягласці жыцця і яго якасць.

Што датычыць ЖКГ, то вядоўца кругла стала Алесь Дзікавіцкі запытаў у Ігара Сівагракава пра тое, якая доля ў ягоным сямейным бюджэце прыпадае на выдаткі на жыллёва-камунальныя паслугі. Эксперт адказаў, што сума збольшага невялікая, але праблема палягае ў якасці гэтых паслугаў. Таксама эксперты паразважалі аб перспектывах таварыстваў ўласнікаў і аб тым, куды ідуць адлічэнні на капрамонт.

Паглядзяець перадачу можна тут

Чарговую частку грамадска-палітычнага ток-шоу «Перад выбарам» пра эканоміку глядзіце 30 лістапада а 21.55.

Глядзі таксама
Каментары