Аслюк: “Зямля” – плач па крохкасці жыцця”.


Сусветна вядомы рэжысёр-дакументаліст, адзіны беларус – чалец Еўрапейскай кінаакадэміі, лаўрэат 25 еўрапейскіх кінапрэміяў, аўтар 30 дакументальных фільмаў прэзентуе новы твор: фільм “Зямля”. Прэм’ера 20 студзеня, а 20:25



У эфіры 20 студзеня, 20:25 (21.01 а 9.15)

Фільм «Зямля» можна паглядзець тут: http://belsat.eu/be/klipy_trailery/wideo/m,3349,ziamlia-dak-film.html

У чый свет забярэ нас Віктар Аслюк гэтым разам? Чаму відэакамера псуе маладых рэжысёраў? Што такое натхненне? Чаму героі не звяртаюць увагі на здымачную групу? І што рабіць, калі скончыліся на здымках грошы? Распавядае Віктар Аслюк:

Ёсць месцы, дзе Другая сусветная вайна яшчэ не закончылася. На палях былых баёў, якія цяпер зараслі лесам, ляжаць непахаваныя дзясяткі тысячаў савецкіх салдатаў. Ёсць розныя прычыны, чаму іх не аддалі зямлі адразу пасля вайны: міны, палітыка савецкіх уладаў… Але тое, што яны дагэтуль ляжаць у акопах самай страшнай у гісторыі чалавецтва вайны, не дае спакою неабыякавым людзям, што кожную вясну і восень прыязджаюць на месцы баёў і шукаюць парэшткі невядомых салдатаў. Шукаюць, каб па-людску іх пахаваць, не пакідаць у балоце і раптам, калі пашчасціць, знайсці медальён, які дапаможа вызначыць імя байца. Каб не быў ён больш невядомы. Добраахвотнікі прыязджаюць сюды звычайна з дзецьмі. Падлеткі 14–15 гадоў сталеюць тут, бо ўпершыню сутыкаюцца з вайной і са смерцю. Фільм “Зямля” – гэта фільм-элегія, плач па крохкасці, хуткаплыннасці жыцця. Гэты жанр і вызначыў стылістыку фільму – яго рытм, даўжыню планаў і г. д.

Год таму я быў у журы аднаго з самых важных расейскіх фестываляў дакументальнага кіно “Расея” ў Екацярынбурзе. Журы было проста ў роспачы праз тое, што калісьці моцнае і разнастайнае расейскае кіно ў конкурсе было прэзентаванае выключна ў гэтак званым “тэлевізійным стандарце”. Амаль кожны фільм пачынаўся прыкладна гэтак: падчас пачатковых цітраў пачынала граць музыка, потым ішлі хранікальныя кадры (як правіла, адны і тыя ж шмат у якіх фільмах), тут жа падключаўся дыктар, а далей хроніку перабівалі пастановачныя сцэны – “рэканструкцыі”. Як глядзіш такія фільмы адзін за адным, узнікае брыдкае адчуванне аўтарскай бяздарнасці, тупога рамесніцтва. Калі мы наважваемся называць дакументальнае кіно мастацтвам, якое мае свае формы выяўлення і сваю ўмоўнасць, то можна сказаць, што фільмы, зробленыя паводле шаблону, не належаць да мастацтва. Іншая рэч, што не ўсіх на тэлебачанні цікавіць дакументальнае кіно як мастацтва. Але я ведаю такія каналы і такіх рэдактараў, якіх вельмі цікавіць. Дзякуючы ім і жыве цяпер мастацкае дакументальнае кіно.

Калі робіш дакументальны фільм, то думаеш і ўлічваеш не гледача, не чыюсьці рэакцыю, а агульныя псіхалагічныя законы ўспрымання візуальнага твору, які мусіць быць адначасова вельмі лагічны, але разам з тым выклікаць нечаканыя асацыяцыі. Таксама важна, каб быў дакладна вызначаны жанр фільму. Галоўнае тут – жывое жыццё, у якое нейкім чынам умешваецца камера. Але, зразумела, шматлікія “нежывыя” тэмы можна ўвасобіць толькі ў “тэлевізійным стандарце”. Каб дакументальнае кіно паказвалася на тэлебачанні, трэба, каб нешта здарылася не з гледачом, а з тымі людзьмі, якія складаюць тэлевізійныя сеткі ды кіруюць тэлебачаннем.

Я зняў каля трыццаці дакументальных фільмаў. Усіх іх, за рэдкім выключэннем, у розны час паказалі на тэлебачанні, і не раз. У інтэрнэце я сам пампаваў свае фільмы, DVD якіх у мяне не было. Наконт кінатэатраў – я свае фільмы шмат разоў паказваў у самых розных краінах, часта ў вялікіх залах буйных міжнародных фестываляў – у Парыжы, Амстэрдаме, Ратэрдаме, Таронта, Лейпцыгу. Стаялі вялікія чэргі. Я нават рэпрэзентаваў сваю карціну племені ў джунглях французскай Палінезіі. Так што ў мяне няма комплексу, што мае фільмы не бачаць. Гэта агульная бяда дакументалістаў: іх мала бачаць, але цяпер мала і чытаюць кніжкі, праўда. Каму трэба, той убачыць… і прачытае.

Часта журналісты мяне ўспрымаюць як рэжысёра фактычна адной тэмы – вясковай. Пэўна, гэта ідзе ад таго, што фільмы, знятыя мною пра беларускую вёску, найбольш вядомыя. Я зрабіў і шмат іншых карцінаў. І заўсёды канцэнтраваўся на вельмі вузкай, канкрэтнай тэме: на адным героі, адной падзеі ці адной сітуацыі.

Новыя тэмы і героі знаходзіць з кожным годам цяжэй. Часам узнікае адчуванне, што ты ўжо ўсё здымаў. А герой – часам і ёсць тэма. І ў газеце, і ў інтэрнэце знаходзяцца, а ў вёсках – толькі выпадкова.

Да фільмаў аніяк не рыхтуюся. Я здымаю свае фільмы інтуітыўна. Для мяне важна прыехаць на месца і адчуць, што ёсць галоўным у гэтым сюжэце. Адчуць героя, адчуць саму сітуацыю. Заўважыць якія-небудзь дэталі, каб потым зрабіць на іх нейкія акцэнты. А гэтага папярэдне не зробіш.

Я стараюся ўмешвацца мінімальна, калі здымаю, і амаль ніколі не раблю пастановачных кадраў. Напрыклад, на здымках фільму “Зямля” героі-шукальнікі былі ўражаныя нашымі паводзінамі. Яны сказалі, што іх здымалі ўжо не раз, але ніколі такога не было, каб іх не прасілі што-небудзь зрабіць “для камеры”, і што мы, у адрозненне ад іншых здымачных групаў, ім зусім не перашкаджалі.

У дакументальным кіно вельмі важна падысці блізка да героя, заваяваць ягоны давер, каб ён цябе не ўспрымаў як чужога. Быць з ім шчырым. Мець да героя нефальшывую цікавасць. Як правіла, гэта дасягаецца доўгім знаходжаннем побач. Часам трэба больш за месяц. Але пры здымках фільму “Зямля”, на жаль, такой магчымасці не было. Пошукі салдатаў доўжыліся два тыдні. Даводзілася рабіць усё злёту. Было дрэннае надвор’е, людзі хадзілі ў лес праз дзень, часта мяняліся. Тут мне дапамог толькі мой досвед і некаторыя прафесійныя хітрасці. Адразу я ніколі не здымаю. Калі я здымаў на стужку 35 мм, у нас былі вельмі доўгія здымачныя перыяды. Мы маглі сабе дазволіць быць з героем столькі, колькі трэба. Звычайна першы тыдзень я нічога не здымаю. Знаёмлюся. Потым дастаю камеру. Паціху прывучаю героя да яе. Раблю выгляд, што здымаю нешта іншае. Пакідаю камеру ў яго дома, прашу, каб яна пастаяла. Часам даваў герою паздымаць на стужку самому. паздымаць самога сябе. Так, напрыклад, я здымаў фільм “Андрэевы камні” ў 1999 годзе.

Улюбёны тэзіс: відэа псуе рэжысёра, асабліва маладога. Трэба вучыцца здымаць толькі на стужку, бо яна вельмі дарагая, кожную секунду вылятае некалькі долараў. Таму добра плануеш, абы-што не здымаеш, увесь час думаеш, як зрабіць правільна, бо гэта рэч незваротная, больш адказная. Ёсць небяспека, што калі выключаеш камеру, можаш прапусціць нейкі вартасны момант – але гэта анічога не вырашае, калі ты здымаеш доўга. Такіх момантаў будзе шмат. А калі ты здымаеш усё запар, але лічаныя дні, ты робішся рабом выпадку. Ёсць выпадак – ёсць фільм. Таму трэба здымаць доўга. Таму ва ўсім свеце гэтак і робяць. Гадамі, не тое што месяцамі. І гэта слушна. Гэта асноўнае адрозненне ад тэлежурналістыкі.

Гадамі здымаць не даводзілася, толькі месяцамі. Але час ад часу я вяртаюся здымаць сваіх былых герояў, калі яны яшчэ жывыя, а гэта не заўсёды бывае. Найдаўжэй я, пэўна, здымаў “Мы жывем на краі” – 2 месяцы ў полі. “Рабінзоны Манцінсаары” – таксама доўга, каля двух-трох месяцаў знаходжання на выспе, але гэта быў поўнаметражны фільм, а “Мы жывем на краі” – кароткі.

Часам я сам здымаю як аператар. Напрыклад, у тым годзе я сам здымаў зімовую натуру. Бо на аператара ўжо не было грошай.

Я падумваю зрабіць фільм сам – і без гукааператара, і без аператара. Гэта асаблівая сітуацыя, калі ты адзін. Дакументальнае кіно – гэта чорная работа. Гэта не ігравое кіно, калі вакол цябе 50 чалавек бегае. А гэтак на плане я, аператар і гукааператар. Я працую з аператарамі, якія ўжо больш-менш разумеюць, што я хачу. Усё кіруецца нейкімі знакамі, вельмі канкрэтнымі ўказаннямі. Яны мусяць разумець, што я здымаю фільм не спантанна, не іду за падзеяй, а ўсё кантралюю і маю дакладную ідэю. Канцэпцыя фільму саспявае па-рознаму: і на этапе тэмы, і пасля даўжэйшага знаёмства з героем. Напрыклад, фільм “Кола” я пачаў здымаць зусім у іншым месцы. Потым кінуў герояў, пераехаў і ў той самы дзень зразумеў, што мне трэба рабіць: куды ставіць камеру, што чакаць, што здымаць і што не здымаць, як доўга здымаць. На што звяртаць увагу, на што не. Фактычна, ужо ў першы дзень я ўбачыў увесь фільм. Стужкі было мала, здымалі па 2 хвіліны за дзень.

Бывае, што зусім ад тэмы адмаўляюся. Летась такое было – герой не спадабаўся, давялося адмовіцца. Калі грошы ёсць, не пераймаюся, як такія выпадкі здараюцца.

Я не працаголік, я чакаю натхнення, часам доўга. Натхненне прыходзіць раптам, калі я прыперты абставінамі да сценкі. І тады яго і мяне ўжо не стрымаць. Для мяне даўно ўжо працэс здымак фільму не ёсць прыемным перажываннем. У гэты час я сябе адчуваю салдатам: сон без сноў, дзень праходзіць, як адна гадзіна. Яшчэ горш з мантажам. Тады пачуваюся бяздарным палкаводцам, які ўпусціў магчымасці.

У нас мала рэжысёраў, якія ўсведамляюць сябе беларусамі. Я думаю, што адчуванне сваёй нацыянальнасці апошнім часам становіцца маральнаю катэгорыяй. Асабліва ў Беларусі.

Збіраюся здымаць фільм пра вытворчасць валёнкаў! Гэта замова, папрасілі, зраблю, як натхненне знайду, – там вельмі добрая фактура. Натхненне абавязковае на любым этапе досведу і прафесіяналізму. Калі не халтурыць… Яно ў працэсе з’яўляецца, як азарт. Але бывае проста праца.

Вольга Швед

Стужка навінаў