Аўтамабільная асацыяцыя: балем будзе кіраваць шэры рынак


Сваім указам кіраўнік Беларусі скасаваў ільготны падатак пры ўвозе новых аўтаў, што прывядзе да значнага падаражання аўтамабіляў. Гэтак улады ўніфікуюць заканадаўства ў межах адзінай эканамічнай прасторы ды выконваюць умовы, згодна з якімі атрымалі ратавальны крэдыт ад ЕўрАзЭС.

Паводле старшыні пралення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі (БАА) Сяргея Міхневіча, указ паралізаваў аўтадылераў ужо сёння: калі ён набудзе моц – невядома, а таму планаваць сваю дзейнасць немагчыма. Такая сітуацыя, паводле суразмоўцы, супярэчыць дырэктыве № 4, якая мела стварыць для прадпрымальнікаў цяплічныя ўмовы: “Гэта ненармальна, калі афіцыйны бізнес не ведае, як працаваць”.

Чарговая прычына – падатак на дададзеную вартасць для юрыдычных асобаў. Дагэтуль дзяржава адлічвала ПДВ у памеры 20 % – ад розніцы паміж коштамі набыцця і продажу аўта. Згодна з указам № 36 асноваю стане кошт імпартаванага аўтамабіля.

І хоць роўнасць у праходжанні працэдураў сапраўды паўстане, дык паводле эканамічных паказнікаў указ № 36 адпавядае інтарэсам выключна расейскага бізнесу, лічыць Сяргей Міхневіч.

Стаўка падатку на дададзеную вартасць у Беларусі – 20 %, у Расеі – 18 %, а ў Казахстане – толькі 12 %. Пры гэтым пакупніцкая здольнасць у Беларусі ўдвая меншая. Ёсць яшчэ два аспекты: кошты набыцця аўтаў беларускімі імпарцёрамі значна вышэйшыя. Гэта прывядзе да таго, што беларусы паедуць ў Расею і Казахстан па шматлікія маркі аўтаў. Чацвёрты аспект – сітуацыя з коштам пазыковага капіталу, неабходнага для ўвозу і рэалізацыі аўтамабіля. У Беларусі ён значна даражэйшы, чымся ў Расеі ды Казахстане.

“Калі нам не ўдасца паразумецца з урадам што да перагляду стаўкі ПДВ на ўвоз аўтамабіляў (мы ўжо узнялі гэтае пытанне), то найбольш імаверна, што балем будзе камандаваць шэры рынак”, – упэўнены прадстаўнік БАА.

Якім, паводле Сяргея Міхневіча, было б аптымальнае выйсце з сітуацыі? Першы варыянт – увесці змены на паўгода-год пазней. За гэты час узрасла б пакупніцкая здольнасць насельніцтва, бо чакаецца некаторая стабілізацыя ў эканоміцы. Да таго ж, улетку знізяцца мыты, што змякчыла б эфект ад павышэння падатку. Другі варыянт – знізіць стаўку ПДВ на аўтамабілі да ўзроўню Казахстану.

belsat.eu

Стужка навінаў