Грошы для Алеся Бяляцкага сабралі


Як распавяла “Белсату” праваабаронца Таццяна Равяка, на заклік аб салідарнасці з Алесем Бяляцкім адгукнуліся 765 чалавек.

Сёння грошы пералічылі на рахунак Першамайскага раённага суда Менску “ў пагашэнне шкоды, нанесенай злачынствам”, якую, на меркаванне беларускай Феміды, здзейсніў кіраўнік ПЦ “Вясна” Алесь Бяляцкі. З сабранай сумы амаль 758 мільёнаў складае кампенсацыя, астатнія грошы пойдуць на выплату падатку на прыбытак. “Паводле беларускага заканадаўства, гэтыя ахвяраванні лічацца асабістым прыбыткам жонкі Алеся – Наталлі Пінчук, таму яна мусіць сплаціць 12 % ад гэтага “прыбытку”, – тлумачыць Таццяна Равяка.

Нагадаем, разгляд касацыйнай скаргі на прысуд віцэ-прэзідэнту Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесю Бяляцкаму прызначаны на 24 студзеня. “Калі б мы не спадзяваліся на плён ад гэтай акцыі, то, напэўна, і не браліся б за яе. Суд павінен улічыць наяўнасць грошай і адмяніць раней агучаны вырак. Алеся Бяляцкага мусяць вызваліць, бо ён не вінаваты. Гэткая ж пазіцыя выкладзеная і ў касацыйнай скарзе”, – гаворыць Таццяна Равяка.

Разам з тым праваабаронца прызнаецца, што якімі б аптымістычнымі не былі настроі прадстаўнікоў “Вясны”, зразумела, што рэчаіснасць можа аказацца зусім іншай: “Мы ўсе добра ведаем, якая судовая сістэма ў нашай краіне. І ведаем, што прысуд Алесю Бяляцкаму – справа палітычная, хоць яе і імкнуцца падаць крымінальнаю”. Паводле Таццяны Равякі, у Беларусі няма практыкі, каб на разглядзе касацыйнай скаргі прысутнічалі абвінавачаныя, таму Алеся Бяляцкага з Жодзінскага СІЗА ў Менск 24 студзеня прывозіць не будуць.

Дарэчы, сёння жонка Алеся Наталля Пінчук атрымала ад мужа паштоўку. Алесь просіць даслаць яму паперы. Зняволены праваабаронца актыўна лістуецца з сябрамі, паплечнікамі, сваякамі ды наўпрост неабыякавымі людзьмі. “Алесь просіць праз СМІ перадаць падзяку ўсім, хто падтрымлівае яго сваімі лістамі, і просіць прабачэння ў тых, каму яшчэ не паспеў адказаць”, – гаворыць Таццяна Равяка.

Віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі асуджаны на 4,5 года ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Суддзя Першамайскага суда Менску Сяргей Бандарэнка прызнаў праваабаронцу вінаватым ва ўхіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Крымінальную справу распачалі на падставе звестак аб замежных рахунках Алеся Бяляцкага, пададзеных Літвою ды Польшчаю. Беларускія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі ўказваюць на незаконнасць прысуду, бо гэтыя сродкі накіроўваліся на праваабарончую дзейнасць. Алесь Бяляцкі вінаватым сябе таксама не прызнае.

belsat.eu

Стужка навінаў