Анатоль Шумчанка ў "Гарачым каментары"


Зніжэнне попыту, падзенне продажу і рост закупных коштаў – толькі некаторыя праблемы, якія адчуў летась малы бізнес. Міністэрства падаткаў і збораў дэ-факта заявіла, што стаўкі адзінага падатку для прадпрымальнікаў павялічацца.

Беларускія чыноўнікі нарэшце прызналі, што разглядаецца павышэнне стаўкі адзінага падатку. Больш за тое, падатковыя органы ўжо правялі адпаведныя разлікі дый аналіз прыбытковасці відаў дзейнасці. Міністэрства падаткаў нагадала, што павышэння не адбывалася з 2010 года. Таму павялічэнне адбудзецца – адзінае пытанне наколькі. Паводле прадпрымальнікаў, гэтая лічба можа вырасці ажно ў два з паловаю – у тры разы. А пасля павелічэння базавай велічыні чарговае рашэнне ўладаў канчаткова завядзе малы бізнес у тупік.

Паводле лідара рэспубліканскага аб’яднання “Перспектыва”, на сённяшні дзень платнікі адзінага падатку аддаюць дзяржаве ў сярэднім 140 долараў. “Але ўлічваючы тое, што сярэдняя зарплата па краіне ў нас каля 200 долараў, то мы лічым, што гэты падатак і так не малы. Ён мусіць заставацца такі, прынамсі да той пары, пакуль не павялічацца падаткі насельніцтва. А калі ўлады павялічаць падатак да 400 долараў, то вядома, гэта паставіць пад удар большую частку бізнесу. І ў першую чаргу выб’е слабейшыя сегменты, якія проста сыдуць з рынку ў выніку банкруцтва”, – кажа спадар Шумчанка.

Шумчанка заяўляе, што прадпрымальнікі не дапусцяць таго, каб павялічэнне падатку дабіла прадстаўнікоў малога бізнесу. Зараз прадпрымальнікі разважаюць, што рабіць у выпадку такога павышэння.

Беларускія прадпрымальнікі мусяць плаціць не толькі адзіны падатак. Да коштаў вядзення малога і сярэдняга бізнесу дадаюцца выдаткі на арэнду памяшкання ці гандлёвага месца: ад 100 да 2000 долараў.

belsat.eu

Стужка навінаў