Эксперт: Дзеці ўсё горш размаўляюць па-беларуску


Арганізатары конкурсу на веданне беларускай мовы кажуць: прычына ў тым, што ў школе яе выкладаюць як замежную.

Інтэлектуальнае спаборніцтва сярод знаўцаў беларускай мовы “Беларускае пяціборства” праходзіць у Магілёве. Удзел у ім бяруць школьнікі з розных гарадоў і вёсак Беларусі. Цягам ста хвілінаў яны мусяць адказаць на пытанні з гісторыі ды літаратуры, выканаць некалькі заданняў па фізіцы і матэматыцы. І ўсё гэта – па-беларуску.

Упершыню інтэлектуальнае спаборніцтва прайшло ў 1999 г. з ініцыятывы сябра Таварыства беларускай мовы Міхаіла Булавацкага. Ён высветліў, што заданні алімпіядаў па матэматыцы школьнікам прапаноўваюць толькі на расейскай мове, і паспрабаваў арганізаваць нефармальную – па-беларуску. На яе прыйшло трыццаць вучняў. З 2001 г. алімпіяда праводзіцца ў пяці прадметах школьнай праграмы.

Арганізатары кажуць, што з кожным годам узровень беларускай мовы ўдзельнікаў горшае.

“Беларускую мову ў нас выкладаюць як замежную, – распавядае адзін з арганізатараў Міхаіл Булавацкі. – Калі вучань хоць трохі можа размаўляць па-беларуску ды разумее, што ў яго пытаюць, настаўнік супакойваецца і ставіць высокую адзнаку. Толькі некалькі чалавек з трыццаці сказалі, што ведаюць беларускую мову лепш, чым расейскую. Большасць з іх звычайна размаўляе па-расейску”.

Каб змяніць сітуацыю, Таварыства беларускай мовы ладзіць бясплатныя курсы беларускай мовы для школьнікаў. “Вынікі выдатныя, – мяркуе старшыня ТБМ Алег Трусаў. – Галоўнае, дзеці вучацца размаўляць па-беларуску. Мы даем ім больш ведаў, чым у школе. Заняткі грунтуюцца на школьнай праграме, але як мінімум 30 % інфармацыі – дадатковая, якой у школьных кнігах няма. Тады ім лёгка і экзамены здаваць, і тэсты”.

belsat.eu

Стужка навінаў