Волчак: Магчыма, сенсацыйнае відэа ўкінулі спецслужбы


Былы следчы Генеральнай пракуратуры Алег Волчак мяркуе, што здымкі “людзей у цывільным”, якія нібыта маюць дачыненне да выбуху на станцыі метро “Кастрычніцкая”, выклалі ў інтэрнэце не выпадкова.

17 студзеня ў сеціве з’явіліся фота і відэа чатырох мужчынаў, якія нібыта выходзілі пасля тэракту са станцыі метро “Кастрычніцкая” з боку Дому афіцэраў з ваеннаю выбуховаю прыладаю, шпулькаю сапёрнага кабелю і вялікаю торбаю, напоўненаю невядомымі вуглаватымі прадметамі. Інтэрнаўты пачалі падазраваць герояў здымкаў у дачыненні да выбуху.

Мяркуючы з кадраў, яны былі знятыя карэспандэнтам інфармацыйнага агенцтва БелТА. Час здымак невядомы – гэта значыць, немагчыма даведацца, праз колькі хвілінаў пасля выбуху гэтыя людзі ў цывільным выйшлі з метро. У той жа час відаць, што яны падымаліся па прыступках пераходу каля Дому афіцэраў перад вачыма дзясяткаў менчукоў, якія сабраліся ў раёне станцыі метро “Кастрычніцкая”.

Паводле Алега Волчака, да ўкідання інфармацыі могуць мець дачыненне спецслужбы. Магчыма, хтосьці хацеў адвесці пагрозу ад сябе на фоне кадравых чыстак, якія распачаліся ў Міністэрстве ўнутраных справаў. Хто адважыўся б “раскруціць” гісторыю з відэа на сваім сайце, калі IP-адрас могуць спраўдзіць, разважае Алег Волчак.

belsat.eu

Стужка навінаў