Мікалай Статкевіч выйдзе з карцэра 24 студзеня


Вядома, калі за гэты тэрмін палітвязню не прыдумаюць новых парушэнняў рэжыму.

“Мікалая змясцілі ў ШІЗА, выконваючы распараджэнне кіраўніцтва Шклоўскай калоніі. Падстава для ягонага пакарання такая ж смеху вартая, што і раней”, – распавяла “Белсату” жонка палітвязня Марына Адамовіч. Паводле жанчыны, адвакат, які змог сёння ўбачыць свайго падабароннага, перадаў, што Мікалай Статкевіч “у добрым гуморы, бадзёры і, несумненна, не зломлены”.

Цяпер Мікалая Статкевіча трымаюць у адзіночцы. Акрамя туалетных прыладаў, вязню нічога больш мець нельга. Забаронена на гэтыя 10 дзён і ліставанне з воляю. Выйсці з ШІЗА Мікалай Статкевіч павінен 24 студзеня ў другой палове дня. “Вядома, калі не знойдуць яшчэ якіх парушэнняў”, – дадае спадарыня Адамовіч.

Са словаў жанчыны, пытанне аб змене Мікалаю Статкевічу строгага рэжыму на агульны будзе разглядацца праз паўгода. “Ён застанецца ў той жа турме, аднак ужо не будзе такой ізаляцыі. У тых, хто на агульным рэжыме, у камерах нават тэлевізары ёсць”, – тлумачыць Марына Адамовіч. Яна нагадвае, што вязням крытых турмаў паводле закону дазваляецца толькі адно кароткатэрміновае спатканне і адна харчовая бандэроль на год.

Экс-кандыдата на прэзідэнцтва Мікалая Статкевіча на рашэнне суда перавялі з калоніі ў крытую турму на тры гады. Палітвязня пакаралі нібыта за злоснае парушэнне рэжыму. Нямецкія сацыял-дэмакраты назвалі прысуд Статкевічу «абуральным і цалкам непрымальным». «Статкевіч ды іншыя асуджаныя апазіцыянеры ў Беларусі сталі ахвярамі ганебнай і свавольнай юстыцыі», – заявіў кіраўнік фракцыі нямецкіх сацыял-дэмакратаў Франк-Вальтэр Штайнмаер (Frank-Walter Steinmeier).

Пісаць палітвязню Мікалаю Статкевічу можна на адрас: 212011, г. Магілёў, вул. Крупскай, 99а, турма №4.

belsat.eu

Стужка навінаў