Полудзень, Пякарскі… Наступны – Куляшоў?


Паводле генерал-лейтэнанта міліцыі ў адстаўцы Мечыслава Грыба, апошнія кадравыя перастаноўкі ў Міністэрстве ўнутраных справаў ствараюць даволі небяспечную сітуацыю для міністра МУС Анатоля Куляшова.

На пачатку снежня арыштавалі ягонага намесніка Яўгена Полудня. Супраць яго распачалі справу паводле ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэксу (“злоўжыванне ўладай або службовымі паўнамоцтвамі”). Учора, 16 снежня, стала вядома пра адстаўку першага намесніка міністра Алега Пякарскага. Як паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта, начальнік крымінальнай міліцыі, палкоўнік Алег Пякарскі звольнены «ў звязку з правіннасцямі, якія дыскрэдытуюць званне працаўніка органаў унутраных справаў». Пакуль невядома, ці завялі супраць яго крымінальную справу.

Ужо на наступны дзень дыскрэдытаванаму палкоўніку знайшлася замена – Ігар Шуневіч, начальнік кіраўніцтва КДБ у справе барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю і карупцыяй.

“Паміж МУС і КДБ яшчэ з часоў СССР ішла барацьба, гэта ж адбываецца і цяпер. Толькі зрэдку ў ёй перамагала МУС. КДБ лепш забяспечаны тэхнічна, дый больш адукаваныя людзі ў ім. Я думаю, што Куляшова можна лічыць чалавекам “падстрэленым”, ва ўсялякім выпадку гэтыя дзве падзеі зусім не на ягоную карысць”, – кажа спадар Грыб.

Паводле генерал-лейтэнанта, прызначэнне працаўніка КДБ на высокую пасаду ў МУС азначае намер улады ўзмацніць міністэрства.

Паводле шэф-рэдактаркі “Народнай волі” Святланы Калінкінай, ідзе працэс абнаўлення кадравага складу МУС. “Тое, што пасадзілі і завялі крымінальную справу на намесніка міністра Полудня, – гэта сітуацыя незвычайная, бо апошнім часам такіх высокіх начальнікаў не саджалі. Пакуль мы мала што ведаем, таму сказаць цяжка, што будзе з Пякарскім. Але калі два намеснікі міністра звольненыя з такой вельмі непрыемнай для іх фармулёўкаю, калі сам міністр ужо два месяцы не з’яўляецца нідзе на публіцы, гэта сапраўды адзначае, што ідзе сур’ёзная зачыстка вярхоў міністэрства”, – кажа журналістка.

belsat.eu

Стужка навінаў