Парк 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі не ёсць паркам?


Дакументаў аб стварэнні парку 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Менгарвыканкаме не знайшлі. Пра гэта расказаў галоўны архітэктар Менску, старшыня камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму Аляксандр Пятроў.

“Дакументаў аб стварэнні парку 40-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі мы не знайшлі. Згадванне ёсць у адным нарматыўным дакуменце 1985 года, там гэтая тэрыторыя завецца “Парк імя 40-годдзя БССР”. У зямельным кадастры гэта проста азялененая гарадская тэрыторыя без якога-небудзь прызначэння, на якой рэгламент дапускае будаўніцтва гатэлю”, – распавёў Аляксандр Пятроў журналістам.

Галоўны архітэктар сталіцы паабяцаў, што “ўсе дрэвы, якія можна перасадзіць, будуць перасаджвацца”. Аднак дадаў, што большая частка дрэваў у парку старэйшыя за сорак гадоў, што робіць перасадку немагчымаю.

“Будаўніцтва гатэлю “Пекін” трошкі прывядзе ў парадак гэтую запушчаную тэрыторыю Там нават удзень часам жудасна хадзіць – пуста, людзей няма”, – зазначыў Пятроў. Пасля будаўніцтва гатэлю мяркуецца добраўпарадкаваць не толькі тэрыторыю парку, але і прылеглыя двары.

Пятроў паведаміў, што тэрыторыя парку спрэчная, бо нідзе не пазначаная. «У розных крыніцах называюць ад 6 да 13 га. Паводле дакументаў «Зелянбуду», яна складае 9 га. У любым выпадку, пад будаўніцтва гатэлю пойдзе толькі 3 га. Такім чынам, застаецца каля 6 га зялёных насаджэнняў плюс дадатковае добраўпарадкаванне прылеглых тэрыторыяў”, – сказаў Пятроў.

belsat.eu

Стужка навінаў