«Моцны крок - зняцца ўсім кандыдатам напярэдадні галасавання»


Намеснік старшыні руху “За свабоду” Юрась Губарэвіч разважае, ці варта байкатаваць выбары ў парламент.

Юрась Губарэвіч баіцца, што байкот выбараў скончыцца гэтак жа, як ініцыятыва правядзення Народных сходаў, на якія выйшла значна менш людзей, чым спадзяваліся арганізатары. Паводле яго, у сучаснай Беларусі адсутнічаюць чыннікі, якія робяць такую ініцыятыву эфектыўнаю: “Перш за ўсё – свядомае нежаданне людзей не прыходзіць на выбары, або жаданне “насаліць” уладзе, не прыйшоўшы на выбары. Другі фактар – адміністратыўны рэсурс уладаў, які пераадолець сіламі сённяшняй апазіцыі практычна немагчыма”.

Юрась Губарэвіч падкрэслівае: нішто не перашкаджае ўладам сфальсіфікаваць не толькі вынікі выбараў, але і яўку. Таму ён лічыць, што актыўны ўдзел прынясе больш вынікаў за актыўны байкот: можна выкарыстаць шырокую незадаволенасць людзей сітуацыяй у Беларусі. “Байкот не дае адказу на пытанне, як мяняць гэтую сітуацыю”, – падкрэслівае прадстаўнік руху “За свабоду”. Тут патрэбны актыўны ўдзел кандыдатаў, іхныя прапановы – што яны могуць зрабіць лепш за ўлады.

“Гэтая кампанія наўрад ці будзе выключэннем з існай практыкі, наўрад ці рэжым пойдзе на сумленны падлік, а таму моцным крокам магло б быць зняцце ўсіх кандыдатаў напярэдадні дня галасавання, пасля правядзення актыўнай выбарчай кампаніі”, – сказаў Юрась Губарэвіч, падкрэсліўшы, што гэта ягонае асабістае меркаванне. Рух “За свабоду” вызначыцца з пазіцыяй адносна байкоту на паседжанні рады, якое пройдзе напрыканцы месяца.

belsat.eu

Стужка навінаў