"Следства ў справе Захаранкі працягнулі, а сведак не апытваюць"


Папярэдняе расследаванне паводле крымінальнай справы аб знікненні былога міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранкі чарговы раз працягнулі. Пра гэта паведаміў праваабаронца Алег Волчак, давераная асоба сям’і Юрыя Захаранкі.

Паводле праваабаронцы, справаю Захаранкі, хутчэй за ўсё, будзе займацца Следчы камітэт. Таму Волчак не ўпэўнены, што яе расследуюць, бо займацца гэтым будуць тыя ж кадры, што былі ў пракуратуры і міліцыі: «Не разумею, што можна расследаваць бесперапынна 13 гадоў? За гэты час можна было дапытаць палову грамадзянаў Беларусі, правесці мноства следчых дзеянняў, дый шукаць вінаватых не так цяжка. Уся інфармацыя ёсць у інтэрнэце, хто і як выкрадаў Захаранку, але чамусьці следства на гэта не рэагуе», – заявіў Волчак.

Адзінае спадзяванне, паводле праваабаронцы, на чалавечы фактар: мажліва, трапіцца следчы, які сапраўды захоча даведацца, куды знік генерал-маёр міліцыі. У большай ступені поспех расследавання Волчак звязвае з Камітэтам правоў чалавека ААН, які вядзе маніторынг справы. Камітэт закрывае справу тады, калі знаходзяць труп і караюць вінаватых.

Да таго ж, засталося нямала сведак тых падзеяў. Волчак нагадаў, што летась грамадская камісія расследавання знікнення Захаранкі падала ў пракуратуру паказанні былога працаўніка Спецыяльнага атраду хуткага рэагавання Дзмітрыя Новічка, які паведаміў, хто з ягоных таварышаў можа больш пра гэта расказаць.

Расследаванне працягнулі на тры месяцы, да 24 сакавіка 2012 г. Генерал-маёр Юрый Захаранка знік 7 траўня 1999 г. пры нявысветленых абставінах. Падчас першых выбараў прэзідэнта Беларусі ён уваходзіў у каманду Аляксандра Лукашэнкі, а ў 1994–1996 гг. займаў пасаду міністра ўнутраных справаў.

Пайшоўшы ў апазіцыю, у 1998 г. Захаранка зрабіўся чальцом «ценявога ўраду», дзе ўзначаліў камітэт бяспекі. Вясною 1999 г. генерал-маёр актыўна ўдзельнічаў у арганізаванай апазіцыяй кампаніі выбараў прэзідэнта. Ён увайшоў у каманду экс-прэм’ера Міхаіла Чыгіра, ездзіў па краіне, арганізоўваў групы збору подпісаў. Карыстаючыся аўтарытэтам сярод працаўнікоў МУС, Захаранка стварыў альтэрнатыўны саюз афіцэраў. Паводле адной з версіяў, менавіта гэта і сталася асноўнаю прычынаю раптоўнага знікнення былога міністра.

Belsat.eu

Стужка навінаў