Лукашэнка звольніў першага намесніка міністра ўнутраных справаў Алега Пякарскага


Як паведамілі ў Адміністрацыі прэзідэнта, начальнік крымінальнай міліцыі, палкоўнік Алег Пякарскі звольнены «ў звязку з праступкамі, якія дыскрэдытуюць званне працаўніка органаў унутраных справаў».

«Ідзе чыстка старой гвардыі. Пазбаўляюцца прафесіяналаў. Навошта гэта робіцца, мне не зразумела, бо гэта значна аслабляе МУС. Урэшце нехта павінен і злачынцаў лавіць, а не толькі з палітычнымі разбірацца. А вось прафесіяналаў якраз і не застаецца», – пракаментаваў гэтую навіну «Белсату» былы следчы Алег Волчак.

Ён не верыць, што Алег Пякарскі мог здзейсніць нешта, што дыскрэдытавала б званне працаўніка органаў унутраных справаў. «Я добра яго ведаю, мы працавалі разам у пракуратуры. Пякарскі тады працаваў у вышуку, і я быў вельмі здзіўлены, што ён пагадзіўся пайсці ў МУС. Гэта быў вельмі прафесійны аператыўнік, такіх няшмат засталося», – прыгадвае Алег Волчак.

Былы праваахоўнік таксама нагадвае, што некаторы час таму незадаволенасць «у вярхах» выклікала ініцыятыва Алега Пякарскага павысіць «дзённыя пайкі» міліцыянтам, якія з-за крызісу абясцэніліся ўтрая. Алег Пякарскі, які выконваў абавязкі міністра замест захварэлага Анатоля Куляшова, напісаў адпаведны зварот, што, як расказвае Алег Волчак, паводле расповедаў ягоных знаёмых міліцыянтаў, выклікала вялікае незадавальненне. Ён не выключае, што гэта магло паспрыяць звальненню начальніка крымінальнай міліцыі.

Алег Волчак гаворыць, што пасадзіўшы на кіроўныя пасады «зручных» людзей, улада не палепшыць сістэмы МУС: «Там і так амаль не засталося адэкватных і прафесійных людзей. Ідзе наўпроставае разлажэнне структуры».

belsat.eu

Стужка навінаў