Ад Андрэя Саннікава прыйшлі два лісты


Пра гэта «Белсату» распавяла жонка палітвязня Ірына Халіп.

«Першы ліст увогуле дзіўны. Гэта невялікі кавалачак паперы, на якім напісана: «Абдымаю цябе і спадзяюся, што хоць гэта яны прапусцяць». У другім лісце мяне вельмі насцярожыла фраза: «…пазбавілі перапіскі і адвакатаў. Здавалася б, куды далей, але яны і на гэтым не спыняюцца», – цытуе лісты Ірына Халіп.

У лісце Андрэй Саннікаў таксама паведамляе жонцы, што адаслаў віншавальную паштоўку маці з Днём народзінаў, аднак непакоіцца, што яна да адрасата не трапіць: «Таму павіншуй маці ад мяне». Ірына канстатуе, што, як і прадбачыў Андрэй Саннікаў, спадарыня Ала вестачкі ад сына не атрымала. У сваю чаргу і Андрэй Саннікаў не атрымлівае лістоў ад сваякоў, бо просіць жонку пісаць яму часцей. Аднак Ірына Халіп кажа, што піша мужу штодня.

«Перад Новым годам Ала Уладзіміраўна хадзіла на прыём у Дэпартамент выканання пакаранняў. Напісала заяву з патрабаваннем, каб патлумачылі, калі дазволяць спатканне з сынам. Андрэй мае права на кароткатэрміновую сустрэчу са сваякамі яшчэ з 18 снежня. Мінула ўжо 15 дзён, адведзеных законам на адказы грамадзянам, але з ДВП ніякіх звестак», – распавядае Ірына Халіп. Паводле жанчыны, у дэпартаменце Але Саннікавай недвухсэнсоўна далі зразумець, што лёс ейнага сына залежыць не ад іх, а ад «гаранта ўлады».

Напрыканцы гэтага тыдня ў віцебскую калонію зноўку паедуць адвакаты Андрэя Саннікава дамагацца сустрэчы са сваім падабаронным, гаворыць Ірына.

Палітыка за ўдзел у Плошчы асудзілі на 5 гадоў пазбаўлення волі. За год палітвязень змяніў ужо тры папраўчыя ўстановы і цяпер утрымліваецца ў калоніі «Віцьба-3» у адзіночнай камеры. Ужо больш за два месяцы да асуджанага не дапускаюць ні адвакатаў, ні сваякоў. У ДВП на скаргі адвакатаў адказваюць, што «Андрэй Саннікаў не падаў пераканаўчых довадаў таго, што яму патрэбная юрыдычная дапамога».

belsat.eu

Стужка навінаў