Любоў Кавалёва: У Новы год загадала, каб справядлівасць перамагла


Сёння сканчаецца тэрмін, адведзены Уладзіславу Кавалёву і ягонаму адвакату на азнаямленне з пратаколамі судовых паседжанняў у справе выбуху ў менскім метро.

«Падрабязнасцяў пакуль не ведаю, бо не звязвалася яшчэ з адвакатам. Але, несумненна, па выніках скарга ў Вярхоўны суд будзе пададзеная», – распавяла «Белсату» маці асуджанага Любоў Кавалёва. Жанчына толькі што выйшла з СІЗА КДБ, куды падавала прашэнне пра спатканне з сынам: «Адказалі, што рашэнне паведамяць цягам 15 дзён».

17 студзеня ва Уладзіслава Кавалёва дзень народзінаў. Маці спадзявалася, што ёй дазволяць пабачыць сына ў гэты дзень. Аднак у Вярхоўным судзе, куды яна раней адносіла просьбу аб спатканні, паведамілі, што рашэнне гэтага пытання ў кампетэнцыі адміністрацыі СІЗА, дзе ўтрымліваецца яе сын. «Уладу дазволеная толькі адна перадача на тры месяцы. Таму перадаць нешта да дня народзінаў не атрымалася. Даслала яму грошы, каб мог нешта набыць у турэмнай краме», – распавядае жанчына.

Любоў Кавалёва гаворыць, што сваякі і сябры адправілі Уладзіславу віншавальныя паштоўкі і тэлеграмы. Віншуюць асуджанага з днём народзінаў і зусім незнаёмыя людзі. «Патэлефанавала жанчына, якая назвалася Ліліяй. Сказала, што яна таксама маці і хоча падтрымаць мяне і сына – адправіла Уладзіславу ў СІЗА тэлеграму», – не хавае слёз Любоў Кавалёва. Жанчына прызнаецца, што на Новы год загадала жаданне, каб «справядлівасць перамагла».

Між тым, паводле Любові Кавалёвай, яна ўжо другі месяц не можа атрымаць у СІЗА даверанасць ад сына на вядзенне ягоных справаў на волі. Першую Уладзіслаў напісаў 7 снежня, другую 6 студзеня, але абедзве «згубіліся» ў калідорах КДБ. «Сёння мне чарговы раз дзяжурны заявіў, што ні пра якую даверанасць ён не чуў, да іх нічога не паступала», – гаворыць маці вязня.

Уладзіслава Кавалёва прыгаварылі да смяротнага пакарання за суўдзел у здзяйсненні тэракту ў менскім метро. Асуджаны сваёй віны не прызнае. Грамадскасць і праваабаронцы ўказваюць на шмат супярэчнасцяў у матэрыялах справы. 7 снежня Уладзіслаў Кавалёў і ягоны абаронец Станіслаў Абразей падалі прэзідэнту прашэнне аб памілаванні і наглядную скаргу. Маці і сястра прыгаворанага накіравалі індывідуальнае паведамленне аб парушэнні права на жыццё ў Камітэт правоў чалавека ААН. Сам Уладзіслаў Кавалёў падаць скаргу не змог, бо кіраўніцтва СІЗА КДБ блакуе перадачу даверанасці ад яго.

Другі фігурант справы і галоўны абвінавачаны – Дзмітрый Канавалаў – з прашэннем аб памілаванні да Аляксандра Лукашэнкі не звяртаўся.

belsat.eu

Стужка навінаў