Ігар Кузняцоў: Беларускі катынскі спіс існуе


https://youtu.be/HJvlnHzA3BM
Беларускі катынскі спіс – дакумент, які змяшчае імёны не менш як 3870 палякаў, забітых НКУС на тэрыторыі Беларусі ў 1940 г. Польшча беспаспяхова дамагаецца ад Расеі, каб гэты спіс быў знойдзены.

На прэс-канферэнцыі 23 снежня Лукашэнка, адказваючы на пытанне пра беларускі катынскі спіс, заявіў: “Мы ўзнялі ўсе архівы, і не толькі КДБ – усіх дзяржаўных структураў. У нас ніводнага паляка на тэрыторыі Беларусі знішчана, расстраляна не было. У нас былі толькі перасыльныя пункты. Палякі, якія праходзілі праз іх, канцэнтраваліся, па-мойму, пераважна ў Расеі ды, магчыма, ва Украіне. Ніводнага польскага грамадзяніна не было расстраляна, знішчана на беларускай зямлі ў тыя часы”.

Іншага меркавання прытрымліваецца гісторык Ігар Кузняцоў. Пра існаванне беларускага катынскага спісу ён заявіў падчас паседжання круглага стала “Палітычныя рэпрэсіі: гісторыя і сучаснасць”. “Сярод афіцыйна рэабілітаваных (з тых, хто былі расстраляныя ў Менску) – 5772 прозвішчы, якія нам вядомыя. Дваццаць адсоткаў з іх – палякі. Гэта звесткі КДБ, Вярхоўнага Суда, гэта тыя, якія праходзілі працэс афіцыйнай рэабілітацыі”, – заявіў Кузняцоў.

“Сёння маўчаць пра гэта, нават праз 75 гадоў, – гэта значыць абражаць тых, хто загінуў. Аказваецца, беларускага спісу наагул няма, ніводнага паляка не было забіта на тэрыторыі Беларусі! Але сёння інфармацыю схаваць абсалютна немагчыма. Ёсць украінскія спісы, ёсць расейскія. Урэшце, для тэлеканалу “Белсат” мы летась стварылі фільм са спасылкаю нават на дакументы ФСБ, што гэты спіс ёсць. Дзе ён цяпер – у Маскве ці знішчаны ў Беларусі, не гэтак важна, трэба прызнаць існаванне гэтага факту”, – заявіў Кузняцоў.

Нагадаем, раней польская газета “Rzeczpospolita” абвергла заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што НКУС не расстрэльваў палякаў на тэрыторыі Беларусі.

Як адзначае “Rzeczpospolita”, “гэта застаецца апошняю катынскаю таямніцаю”. “НКУС забіў у Беларусі 3782 палякі, якія былі ў той час у турмах на тэрыторыі БССР. Да сённяшняга дня невядомыя імёны тых людзей, а таксама месца іхнага расстрэлу і пахавання”, – гаворыцца ў артыкуле.

Прафесар Войцех Матэрскі заявіў польскаму выданню: “Гэта не толькі хлусня, але і бязмежная крывадушнасць. Лукашэнка выкарыстоўвае польскую трагедыю ў гульні з Масквою. Калі ён сварыўся з Крамлём, то намякаў, што аддасць палякам спіс. Цяпер жа, калі ён дамовіўся з Масквою, зноў забыўся пра гэты спіс”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары