У Бярозаўцы ўсё ж будуць выпускаць шклавату


…Нягледзячы на непакой і прэтэнзіі мясцовых жыхароў.

Летась бярозаўцы сабралі больш за тысячу подпісаў з патрабаваннем правесці незалежную экалагічную экспертызу ды грамадскія слуханні адносна бяспекі новай вытворчасці. Яны ставілі пад сумнеў новы праект заводу, бо ніхто з кіраўніцтва і мясцовых уладаў не адказаў, як выраб шклаваты адаб’ецца на экалогіі рэгіёну і здароўі яго жыхароў.

Тым часам кіраўніцтва шклозаводу “Нёман” атрымала дазвол ад кампетэнтных інстанцыяў, падмацаваны адмысловым указам Лукашэнкі. І ўжо ўвесну ў Бярозаўцы запрацуе новы цэх. Папярэдне вытворчасць абяцалі распачаць у снежні.

“Новы цэх вытворчасці шклаваты – гэта 50 тонаў ацяпляльных матэрыялаў на дзень. Дагэтуль шклавату ў Беларусь прывозілі з-за мяжы, штогоду аддавалі каля $ 40 млн. Новая вытворчасць – гэта дадатковыя 100 працоўных месцаў, унёсак у праграму імпартазамяшчэння і магчымасць для самога прадпрыемства выйсці на новы ўзровень”, – кажа яго дырэктар Ігар Бацян.

Рэч у тым, што завод дагэтуль быў арыентаваны на выпуск крышталю, аднак яго папулярнасць з часоў СССР моцна зменшылася, таму апошні час шклозавод ледзь сточваў канцы з канцамі.

Што да пытанняў экалагічнай вытворчасці, то дырэктар сцвярджае, што на “Нёмане” праходзіць мадэрнізацыя абсталявання. Найноўшая тэхніка, якая будзе менш шкодзіць навакольнаму асяроддзю, каштуе больш за € 3 млн. Дарэчы, цэх для вытворчасці шклаваты мае італьянскае абсталяванне, за якое заплацілі € 20,9 млн.

Аднак эколаг Вольга Астаповіч звяртае ўвагу на тое, што для вытворчасці шклаваты прадпрыемства будзе выкарыстоўваць каля 8 тонаў фенолаў і аміяку штодня. “Пры такой вытворчасці проста неабходнае незалежнае назіранне ды маніторынг – як эколагаў, так і мясцовых жыхароў, каб разам магчы ўплываць на сітуацыю”.

Вядома, што жыхары Бярозаўкі накіравалі зварот ва Орхускі цэнтр Рэспублікі Беларусь.

belsat.eu

Стужка навінаў