Віктар Івашкевіч: Рыхтуецца чарговы фарс


Каардынацыйная рада дзеля правядзення Народных сходаў распачынае кампанію актыўнага байкоту “імітацыі выбараў у марыянеткавую “Палату прадстаўнікоў”, заявіў палітык Віктар Івашкевіч.

14 студзеня ў Менску прайшло чарговае пасяджэнне Каардынацыйнай рады Народных сходаў. “Паўнамоцныя прадстаўнікі Народных сходаў з 14 гарадоў Беларусі абмеркавалі сітуацыю ў краіне, выпрацавалі ацэнку сітуацыі ды план дзейнасці на 2012 г. Яны канстатавалі, што эканамічная і палітычная сітуацыя пагаршаецца ў кожнай сацыяльнай групе, у кожным рэгіёне. Улады не выканалі ніводнага эканамічнага патрабавання Народных сходаў, распісаліся ў няздольнасці абараніць беларускае грамадства ад беднасці. Стратэгічныя вытворчыя актывы Беларусі ў выніку сумнеўных працэдураў пераходзяць у рукі замежнікаў, што ўжо паставіла пад пагрозу незалежнасць нашай краіны”, – заявіў Івашкевіч.

Паводле палітыка, улады не маюць намеру спыняць практыку татальнай фальсіфікацыі вынікаў выбараў, “а значыць, рыхтуецца чарговы фарс, саўдзел у якім для адказных грамадзянаў немагчымы”, заявіў ён.

“Зыходзячы з вышэйсказанага, рада пачынае кампанію актыўнага байкоту імітацыі выбараў у марыянеткавую “Палату прадстаўнікоў” пад лозунгам “Байкот фальшывым выбарам. Скажы Лукашэнку не!”.

Івашкевіч адзначыў, што актыўная форма байкоту мае складацца з інфармацыйнай кампаніі дзеля папулярызацыі рэальнай праграмы выйсця з сацыяльна-эканамічнага і палітычнага крызісу; з патрабаванняў вызваліць усіх палітвязняў, абраць новага прэзідэнта, новы парламент і кіраўнікоў усіх узроўняў на свабодных выбарах; адмены прымусовых кароткатэрміновых кантрактаў. Івашкевіч лічыць, што байкот парламенцкіх выбараў – фактычна рэферэндум аб недаверы Лукашэнку.

belsat.eu

Стужка навінаў