Румынія: Чацвёрты дзень пратэстаў скончыўся закалотамі


Лідары палітычнай апазіцыі Румыніі патрабуюць адстаўкі прэзідэнта пасля чацвёртага дня акцыяў пратэсту ў Бухарэсце супраць урадавых рэформаў аховы здароўя і захадаў жорсткай эканоміі.

Пратэставыя настроі ўзмацніліся пасля таго, як у адстаўку выправілі міністра аховы здароўя, які выступаў супраць прапанаванай праграмы рэфармавання сістэмы аховы здароўя. Гэтая рэформа – частка захадаў дзеля скарачэння дзяржаўных выдаткаў. Паводле прэзідэнта Румыніі Траяна Бэсэску, дзяржаўныя выдаткі на ахову здароўя летась склалі больш за $ 7 млрд – гэтая сума яшчэ ў 2005 г. была ўдвая меншая. Акрамя скарачэння фінансавання аховы здароўя, павысіліся некаторыя падаткі, і на 25 % скараціліся заробкі ў бюджэтнай сферы.

“Палітычная сітуацыя вымагае арганізацыі датэрміновых выбараў. Людзі на вуліцах – паўсюль у Румыніі, ад Бухарэсту да ТымішаАры, ад Канстанты да Клужа. Яны патрабуюць адстаўкі прэзідэнта і ўраду”, – гаворыць лідар апазіцыйнай нацыянал-ліберальнай партыі Крын Антанэску.

У Бухарэсце акцыя пратэсту прайшла ў цэнтры гораду. Адбыліся сутычкі з паліцыяй, у выніку якіх пацярпелі каля трыццаці чалавек. Некаторыя маніфестанты ўчынілі беспарадкі – яны спрабавалі забарыкадаваць вуліцы, былі разгромленыя некалькі крамаў. Дзеля разгону маніфестантаў паліцыя ўжывала дручкі ды вадамёты.

Тым часам лідар ураду заклікае да мірнага дыялогу. “Румыны маюць права быць незадаволенымі. Я разумею кожнага з іх. Але кідаць камяні ды цэглу – гэта не рашэнне, гвалт не можа быць рашэннем”, – заявіў прэм’ер-міністр Эміль Бок.

belsat.eu

Стужка навінаў