Казахстан: апазіцыя абяцае змяніць парламент


https://youtu.be/tWsK6hyhmn4
У Казахстане адбываюцца пазачарговыя выбары дэпутатаў Мэжылісу.

Дэпутаты папярэдняга складу парламенту звярнуліся да прэзідэнта Нурсултана Назарбаева з просьбаю прыняць указ аб роспуску Мэжылісу і правесці датэрміновыя выбары. Парламентарыі патлумачылі сваю ініцыятыву тым, што ў звязку з магчымым новым эканамічным крызісам краіне патрэбны новы парламент, які будзе складацца з прадстаўнікоў прынамсі дзвюх партыяў. У апошнім складзе парламенту 98 мандатаў мелі сябры прапрэзідэнцкай Народна-дэмакратычнай партыі «Нур Атан», яшчэ 9 – беспартыйныя незалежныя дэпутаты. Фактычна парламент Казахстану цалкам падпарадкоўваўся волі прэзідэнта краіны Нурсултана Назарбаева.

«У Мэжылісе мы зменім сам парламент, бо трэба павышаць статус парламенту, трэба зрабіць так, каб слова «дэпутат» карысталася павагаю ў грамадстве, каб гэтае слова не абазначала лабіста той або іншай алігархічнай групы», – гаворыць сустаршыня апазіцыйнай Агульнанацыянальнай сацыял-дэмакратычнай партыі Эміржан Касанаў.

Каб трапіць у парламент, партыя мусіць пераадолець 7-адсоткавы бар’ер. Аднак сёлета, паводле нядаўна прынятых нормаў, у Мэжыліс маюць прайсці дэпутаты прынамсі ад дзвюх партыяў. Калі бар’ер пераадолее толькі адна, то ў парламент аўтаматычна трапіць і партыя, што зойме другое месца.

«Мы ўпэўненыя, што за нас прагаласуе шмат людзей, якія разумеюць, што краіне патрэбныя перамены. Іншыя партыі, што хочуць трапіць у парламент, – гэта «філіялы» партыі «Нур Атан». Яны атрымліваюць указанні і фінансаванне», – гаворыць Булат Эбілаў, сустаршыня Агульнанацыянальнай сацыял-дэмакратычнай партыі.

71-гадовы Нурсултан Назарбаеў займае прэзідэнцкую пасаду з 1990 г., акрамя таго ён мае статус Лідара нацыі, які яму надалі дэпутаты парламенту. Паводле прынятага закону, Назарбаеў атрымлівае пажыццёвую недатыкальнасць і не падлягае крымінальнаму пераследу. Пры гэтым крымінальным злачынствам лічыцца псаванне выяваў Лідара нацыі, публічная знявага і скажэнне фактаў ягонай біяграфіі.

Датэрміновыя выбары могуць быць выкліканыя таксама палітычнай нестабільнасцю ў краіне. У снежні адбыліся масавыя сутыкненні з паліцыяй у горадзе Жангаўэзен (казахск. Жаңаөзен, расейск. Жанаозен). Сілы бяспекі жорстка расправіліся з дэманстрантамі – загінулі каля двух дзясяткаў чалавек, сотні былі параненыя.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары